Сталі вядомыя вынікі міжнароднага дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу “Беларусь маёй будучыні”

МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” падвяла вынікі шостага міжнароднага літаратурна-мастацкага конкурсу “Беларусь маёй будучыні”, што доўжыўся з лютага гэтага году.

На працягу трох месяцаў на адрас “Бацькаўшчыны” ўдзельнікі дасылалі работы. За гэты час прыйшло больш за 300 мастацкіх і літаратурных прац з розных куткоў Беларусі – абласных цэнтраў, маленькіх мястэчак, вёсак.

У гэтым годзе, як і заўсёды, для падвядзення вынікаў была створана аўтарытэтная экспертная камісія. Малюнкі і карціны ацэньвалі мастакі Алесь Мара і Ігар Марачкін. А літаратурныя творы (сачыненні, вершы, нарысы і інш.) ацэньвалі вядомыя пісьменнікі і літаратары Беларусі: Вольга Іпатава, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Ірына Шаўлякова.

Як адзначыла намесніца старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчыны” Ніна Шыдлоўская, узровень прац быў дастаткова высокі. Працы ўражваюць сваёй эмацыянальнасцю, дзіцячай непасрэднасцю, любоўю маленькіх аўтараў да Радзімы, сур’ёзнасцю падыходаў да сваёй будучыні. Па словах Н.Шыдлоўскай, за гады існавання конкурсаў “Бацькаўшчыны” паспела скласціся сталае кола выкладчыкаў, кіраўнікоў літаратурных і мастацкіх гурткоў, якія ўжо ведаюць патрабаванні да работ і “трымаюць марку”.

Сярод лаўрэатаў конкурсу 60 чалавек. Гэта тыя, хто заняў першыя тры месцы. Усе яны атрымаюць адпаведныя дыпломы. А дзеці, працы якіх па ацэнцы камісіі аказаліся на першым месцы, атрымаюць цудоўны падарунак: адпачынак на два тыдні на моры ў Балгарыі. Гэты падарунак, як і каторы ўжо год запар, робіць дзецям наша славутая зямлячка з ЗША, мецэнатка, кіраўнічка фонду “Этнічныя галасы Амерыцы” Ірэна Каляда-Смірнова.

Па выніках конкурсу МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” плануе выданне кнігі з працамі пераможцаў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў