Алесь Марачкін: “Мы пойдзем шляхам Драздовіча і Орды”
Да грамадзянскай кампаніі “Выратуем Горадню” далучаюцца беларускія і замежныя мастакі. У нядзелю 10 чэрвеня ў Горадні адбудзецца адкрыты мастацкі пленэр - акцыя “Мастакі супраць разбурэння Гародні”. Згоду ўзяць удзел у пленэры ўжо выказалі больш за 20 айчынных мастакоў, сярод якіх Алесь Пушкін, Алесь Марачкін, Міхал Анемпадыстаў. Мастакі пакінуць на палотнах выявы Старога гораду, гістарычныя будынкі, якія гарадзенскія ўлады вызначылі пад знос.
Мінскі мастак Міхал Анемпадыстаў, каментуючы свой удзел у пленэры, зазначыў, што даўно ўжо збіраўся ў Горадню. “Хочацца калі не зафіксаваць у выглядзе малюнку стары горад, то хоць пабачыць на свае вочы, што яшчэ засталося, пакуль не зруйнавалі”.
Алесь Пушкін, мастак з вёскі Бобр, плануе не толькі маляваць, але і зладзіць перфоманс. “Маляваць я буду ўдзень, а калі сцямнее, зладжу невялікі перфоманс. Называцца ён будзе “Захаванне”. Сцэнар наступны: мастак у сярэднявечным строі побач са сцяною, на якую падаецца святло, робіць шаманскія рухі. Затым захоўвае ў зямлі камень, або аскепак, ці капсулу. Хутчэй за ўсё прывязу з Бабра аскепак гербу. Гэта будзе сімвалізаваць захаванне для будучых пакаленняў энергетыкі Старой Горадні. У ідэале ўсё адбудзецца пад спевы Віктара Шалкевіча”. Наша сіла, рэзюмуе сп. Пушкін, у тым, што творчыя людзі аб’ядналіся дзеля такой вартай справы.
Мінскі мастак Алесь Марачкін лічыць, што такім чынам мастакі падтрымаюць у першую чаргу моладзь, што бароніць старасвеччыну Горадні. “Свой пратэст выкажам мастацкімі сродкамі”, — зазначае сп. Марачкін. На яго думку, фармат класічнага мастацкага пленэру не зусім адпавядае запланаванай акцыі ў Горадні: “Мы будзем працаваць адзін дзень, а не 3 - 4, але гэта ж будзе і незвычайны пленэр”. Мастак прыгадвае гісторыю, што здарылася з ім у Гурзуфе ў 70 - я гады. Ён маляваў старыя вулкі, што вельмі захапілі яго сваёй непаўторнасцю. Мінак зрабіў яму заўвагу, маўляў, што вы гэтую старызну малюеце, даўно ўжо яе трэба было зруйнаваць. На пытанне, чаму ж дагэтуль не зруйнавалі, месціч адказаў: “У 20 - я гады тут вядомыя расейскія мастакі малявалі, то пасля гэтыя краявіды сталі гісторыяй і іх не даюць чапаць”. Аляксей Марачкін упэўнены, што калі б не Напалеон Орда ды Язэп Драздовіч, сучасныя беларусы шмат бы чаго не пабачылі з гістарычных помнікаў. “Калі б нашы ўлады так шанавалі мастакоў, прыслухоўваліся да меркавання інтэлігенцыі, усё было б інакш”, — мяркуе мастак.
Паводле “Нашай Нівы” ( www . nn . by )
|