Віні Пух загаварыў па-беларуску

Славуты на ўвесь свет мішка, вядомы беларускім дзецям пад імям Віні Пух, а дакладней кажучы — Вінні Пых загаварыў на беларускай мове.

Упершыню гісторыя мядзведзіка і ягоных сяброў з арыгіналу перакладзеная на беларускую мову. Аўтарам перакладу з’яўляеца беларускі студэнт англійскай філалогіі Віталь Воранаў, які жыве ў польскім горадзе Познань.

В. Воранаў: “Віні Пых уваходзіць у дзіцячы літаратурны канон, які ніколі дагэтуль не перакладаўся на беларускую мову. Я падумаў, што трэба выпраўляць такі стан рэчаў і трэба перакласці гэтую кніжку хаця б таму, што мінула 70 гадоў ад моманту яе выдання. Такой кніжкі нельга не перакласці, таму што гэта класіка. Усім вядомы Парсючок, вослік І-а-а, Кенга і хлопчык Крыштось, прататыпам якога быў сын самога аўтара”.

Беларускія дзеці ведаюць іншую версію казкі, перакладчыкам якой з’яўляецца знакаміты дзіцячы пісьменнік Эдуард Успенскі. Цяпер побач з ім паявіцца Віталь Воранаў.

В. Воранаў: “Я памятаў пра гэты славуты рускі пераклад Эдуарда Успенскага. І большасць дзяцей, якія чыталі гэтую казку ці глядзелі мультфільм, яны ведаюць менавіта гэты пераклад. Я вельмі стараўся зраўнаць гэтаму перакладу і таму напісаў перакладчыцкі ўступ для беларускага выдання гэтай кніжкі. Ва ўступе я паясняю, чаму беларускія дзеці так доўга чакалі свайго беларускага мядзведзіка Віні Пыха і чаму яны не ведалі ўвесь гэты час.

Можа такое смешнае пытанне, якога колеру будзе Віні Пых? Напрыклад, персанаж дыснееўскіх казак – гэта жоўты мядзведзік, а мішка, які гаворыць голасам Яўгена Ляонава, мае цёмнае футра. А які будзе беларускі мішка?

В. Воранаў: “Вельмі хацелася, каб нейкі беларускі мастак стварыў прататып беларускага мядзведзя, каб ён адлюстроўваў менталітэт беларускага адпаведніка. Ужо існуе такі праект, і я ўжо бачыў першыя ілюстрацыі адной маладой мастачкі. Я думаю, што гэтае пытанне мы вырашым пазней, пасля выдання кніжкі. Таму што, на жаль, нашчадкі Мілна забавязваюць, каб у першым выданні ілюстрацыямі былі малюнкі Шэфарда, якія былі ў першым арыгінале кніжкі. Яны самыя папулярныя – гэта жоўты мядзведзь у чырвонай кашульцы. У беларускім выданні таксама будуць гэтыя арыгінальныя ілюстрацыі. Што будзе далей – гэта іншае пытанне. Таму што я планую шмат праектаў, звязаных менавіта з гэтай кніжкай”.

А наступныя цікавыя кніжкі дачакаюцца перакладу на беларускую мову?

В. Воранаў: “Сапраўды, ёсць творчыя планы, але пакуль што я не хацеў бы іх раскрываць. Гэта такое перакладчыцкае табу: ніхто ня хоча гаварыць пра свой пераклад, пакуль ён ужо ня будзе гатовы. Але цяпер я хачу ўсе свае сілы засяродзіць на тым, каб гэтая кніжка пабачыла свет. Таму што пераклад ляжыць ужо больш за два гады. На жаль, усе фармальныя пытанні вырашаюцца вельмі доўга. Цяпер кніжка падрыхтаваная і чакае толькі на аўтарскае права. Аўтарскае права – гэта самая складаная рэч. Але я спадзяюся, што ў гэтыя канікулы кніжка свет пабачыць”.

Пасля фармальнасцяў, звязаных з аўтарскім правам, кніжка трапіць у Беларусь, і будзе распаўсюджвацца галоўным чынам праз Інтэрнэт.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў