Запрашэнне ў веласіпедную вандроўку
Заснавальнік старэйшага ў Эстоніі Беларуска-эстонскага культурнага таварыства “БЭЗ” Уладзімер Дзехцярук нарадзіўся на Кобрыншчыне, але жыве ў Эстоніі ўжо 25 гадоў. Увесь гэты час ён актыўна займаецца роварным турызмам. Па дарогах Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Расіі ён праехаў больш за 100 000 кіламетраў. Шэсць разоў на сваім ровары ён ездзіў з Эстоніі ў Беларусь.
Пасля вяртання з свайго апошняга падарожжа летам мінулага года ў яго ўзнікла ідэя правесці веласіпедны прабег з эстонскага Таліна ў беларускі Мінск праз Латвію, Літву, расійскі Калінінград і Польшчу. Па ягонай задуме, да суполкі аматараў-беларусаў веласіпеднага турызму з Эстоніі маглі б далучыцца па некалькі прадстаўнікоў беларусаў з краінаў, па якіх пройдзе прабег, ды з самой Беларусі.
Робячы такую прапанову, сп. Дзехцярук найперш звяртаецца да беларусаў краінаў Балтыі і Польшчы, але гэта не выключае ўдзелу суродзічаў з іншых краінаў. Добра прадумаўшы дэталі падарожжа, наладзіўшы шэраг сустрэчаў па дарозе, можна зрабіць яго вельмі патрэбным і паспяховым.
Разумеючы, што падрыхтоўка патрабуе шмат часу і высілкаў, вандроўка запланаваная на лета 2008 года. Маршрут працягласцю добрых 2000 кіламетраў трэба будзе пераадолець максімум за тры тыдні (для тых, хто будзе стартаваць у Эстоніі), праязджаючы ў дзень па 120- 150 км. Да прабегу можна далучыцца і на пазнейшых стадыях. Што тычыцца ўзросту ўдзельнікаў, дык ён не абмежаваны, яго арганізатару, напрыклад, у 2008 годзе споўніцца толькі 55 гадоў.
Усе зацікаўленыя могуць скантактавацца з сп. Дзехцяруком па адрасу:
Vladzimer Dzehzjaruk
Puru tee 22-21
41534 Iohvi
ESTONIА
Працоўны тэлефон у Кохтла-Ярвэ: 6-40-90, мабільны: 566-65-898.
Паводле газеты “Беларус”
|