Быкаў па-ангельску
Ва Украіне ў львоўскім выдавецтве “ВолЯ” пабачыла свет новая кніга прыпавесцяў Васіля Быкава. Яна дзвюхмоўная — тэксты змешчаныя паралельна ў арыгінале і па-англійску.
Дзесяць прыпавесцяў В. Быкава на англійскую мову перакладалі два жыхары Злучаных Штатаў Амерыкі — прафесар-славіст універсітэту Паўднёвай Алабамы Джозэф П. Мозур і перакладчык і журналіст з Фларыды Ігар Казак (сын пісьменніка Рыгора Крушыны). Пра супольную працу распавёў І. Казак.
І. Казак: “Быкаў засяроджваў увагу на канфліктах вайны, як у вас кажуць, Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў чалавекам вялікай мужнасці, напрыклад, ён развянчаў міфы пра савецкіх партызанаў. Ён выступаў у абарону беларускай мовы. Ён добра ведаў псіхалогію чалавека. Быкаў, як празаік, песіміст і аўтар твораў пра трагічныя падзеі. Мы з калегам прафесарам Мозурам заўважылі, што літаратурныя творы Быкава — гэта хроніка беларускага жыцця дваццатага стагоддзя.
І ўсе творы Быкава — гэта апісанне трагедый калектывізацыі, вайны, сталінізму... Дык вось мы з прафесарам Мозурам вырашылі зрабіць пераклад быкаўскіх прыпавесцяў. Гэтыя прыпавесці ўнікальныя, бо яны ўніверсальныя. Быкаў — універсальны творца. Прыпавесці створаныя з сарказмам і гумарам, а гэта нетыповы для Быкава стыль.
Наш дзвюхмоўны зборнік зроблены для амерыканскіх студэнтаў беларускае мовы і для беларусаў, якія вывучаюць ангельскую мову. Дарэчы, перакладаць прыпавесці было цяжкавата, бо па гэты час яшчэ няма добрых беларуска - ангельскіх слоўнікаў. Таму мы працавалі з іншамоўнымі слоўнікамі, напрыклад, з руска - беларускім або польска - беларускім слоўнікамі ды іншымі”.
І. Казак: “У мяне ёсць у мяне іншыя пераклады, напрыклад, маленькія навелы. Ёсць у мяне перакладзены “Аўганец”, ёсць таксама “Прэзідэнт на дрэве”. Я вельмі шаную ў гэтых творах гумар Быкава — унікальны, такі народны гумар. Таксама цяпер прафесар Мозур працуе над перакладам вельмі цікавай аповесці “Мёртвым не баліць”.
Мой пераклад прыпавесці “Свіст”, які ёсць у гэтым зборніку, ужо друкаваўся ў апошнім нумары “Фікшэн інтэрнэшэнал”. Гэта часопіс універсітэту Сан - Дыега ў штаце Каліфорнія. З вялікай цікавасцю там была ўспрынятая гэтая публікацыя, бо там ніколі яшчэ беларускага пісьменніка не друкавалі. Мяркую, што хутка будзе надрукаваны ў другім часопісе мой пераклад “Пахаджанаў”. У гэтым творы паказаныя адносіны ўніверсальнага характару, бо можна ўспрыняць, што пахаджане — гэта амерыканскія выбаршчыкі, якія блукаюць паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Увогуле, Быкаў — універсальны пісьменнік”.
І. Казак: “Наш перакладніцкі дуэт з прафесарам Мозурам узнік пасля таго, як мы перакладалі на міжнародных перамовах у Жэневе. Там і пазнаёміліся. Ён славіст, прафесар універсітэту ў Алабаме. Вось мы з ім і вырашылі зрабіць такія пераклады з Быкава. Прафесар Мозур мае таксама крытычныя артыкулы пра творчасць Быкава”.
І. Казак: “Мы маем надзею, што кніга будзе даступная ў Амерыцы для студэнтаў, для акадэмікаў, для ўсіх тых, хто мае зацікаўленасць у беларускай мове і культуры. Але мы таксама хочам, каб яна шырока распаўсюджвалася ў Беларусі. На жаль, наклад пакуль не такі вялікі, як хацелася б, але, магчыма, будзе другое выданне, калі кніга стане папулярнай”.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|