Будзе выдадзены ўвесь Быкаў

Укладанне поўнага збору твораў Васіля Быкава распачаў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Пра гэта 18 траўня ў Вільні заявіў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.

А. Пашкевіч: “Упершыню ў гісторыі Беларусі недзяржаўная арганізацыя апякуецца выданнем поўнага збору твораў народнага творцы”.

Сустрэча з Алесем Пашкевічам і галоўным рэдактарам часопісу “Дзеяслоў” Барысам Пятровічам праходзіла ў Віленскім беларускім Доме правоў чалавека. Спаткацца з літаратарамі прыйшлі вядомыя віленскія беларусы, у тым ліку Алег Аблажэй, Алег Мінкін, Павал Саўчанка.

Падчас сустрэчы Алесь Пашкевіч распавёў пра адкрыццё Віленскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

А. Пашкевіч: “Нам удалося зарэгістраваць Саюз беларускіх пісьменнікаў і ў Вільні. На сёння хоць адзін саюз беларускіх пісьменнікаў легальна існуе і ў Беларусі, і ў Еўрапейскім саюзу, ў стольнай Вільні. Гэта моцна не падабаецца генералам ад літаратуры”.

На думку А. Пашкевіча, дзяржаўныя беларускія выдавецтвы друкуюць толькі 15 адсоткаў ад усіх беларускіх выданняў.

А. Пашкевіч: "На сёння нават чыноўнікі Міністэрства інфармацыі прызнаюцца: беларускіх кніг недзяржаўныя выдавецтвы выдаюць, калі браць з усяго беларускамоўнага кнігавыдання, 80-85 адсоткаў”.

Шэсць тамоў твораў Васіля Быкава, што ўжо пабачылі свет, разам з нумарамі часопісу “Дзеяслоў” Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч перадалі ў бібліятэку Віленскага беларускага Дому правоў чалавека.

А. Пашкевіч: “Вось гэтыя шэсць тамоў адметныя многім, адметныя тым, што дзяржава не апякуецца гэтым выданнем, больш таго, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі адмовіліся бясплатна ўзяць гэтыя кнігі для распаўсюду па бібліятэках”

Алесь Пашкевіч падкрэсліў, што збор твораў Васіля Быкава вызначаецца арыгінальнасцю структуры.

А. Пашкевіч: “У аснову гэтых твораў пакладзены план самога Васіля Уладзіміравіча. Васіль Быкаў яшчэ пры жыцці спланаваў свой васьмітомнік і запланаваў у першым томе свае апошнія па часе напісання творы. Якраз вось, пачынаючы з другой паловы 90-х гадоў, гэта творы, у якix не хрэстаматыйны, не традыцыйны Быкаў, а тыя аповесці, што паказвалі погляд Быкава на сучасную Беларусь”.

Паводле А. Пашкевіча, змясціць усю творчую спадчыну Васіля Быкава ў васьмі запланаваных тамах немагчыма, таму дадаткова да шасці выдадзеных яшчэ восем тамоў збору твораў пісьменніка чакаюць свайго выхаду ў свет.

Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )

‹‹ на галоўную | у архіў