Суды над заяўнікамі “Чарнобыльскага шляху- 2007”

Завяршыліся суды над двума заяўнікамі “Чарнобыльскага шляху- 2007”. Аляксей Януковіч і Валянціна Палявікова былі пакараныя штрафамі.

Суддзя суду Савецкага раёну Мінску Людміла Савасцян прысудзіла сябру Палітрады АГП Валянціне Палевіковай штраф 25 базавых велічыняў гэта 775 тысяч рублёў (ці каля 350 даляраў). Актывістку Аб'яднанай грамадзянскай партыі абвінавачвалі ў тым, што падчас Чарнобыльскага шэсця 26 красавіка дэманстранты выходзілі на праяздную частку вуліцы Сурганава.

Суд прызнаў і сп. Янукевіча вінаватым у тым, што падчас шэсця Чарнобыльскі шлях 26 красавіка ўдзельнікі мерапрыемства выйшлі на праезджую частку і некаторы час рухаліся па ёй, тым самым перашкаджаючы руху транспарту і падвяргаючы свае жыцці небяспецы. Паводле суддзі, Аляксей Янукевіч мусіў заклікаць удзельнікаў шэсця рухацца выключна па ходніках.

У выніку суддзя прысудзіў А. Янукевічу штраф у памеры 30 базавых велічыняў, гэта 930 000 беларускіх рублёў (ці каля 450 даляраў).

На заяўніка акцыі, сябра Сойму Партыі БНФ Юрася Зянковіча быў складзены пратакол 16 траўня. Зараз ён чакае суду.

На пытанне “Чаму затрыманні і суды пачаліся зараз, каля прайшоў амаль месяц пасля акцыі?” адказвае Аляксей Янукевіч: “Усё звязана з тым, што рэжым цяпер знаходзіцца ў вельмі складаным эканамічным становішчы. Улады вымушаныя весці дыялог з Захадам. Атрымліваецца такая сітуацыя, калі Захаду трэба паказаць, што ў нас ёсць лібералізацыя, і ў той жа час унутры краіны ніякую лібералізацыю паказваць нельга. Гэта і выклікае такія непаслядоўныя дзеянні ўладаў. Тое, што заяўнікам шэсця даюць штрафы, вядома, не сведчыць, што суддзі кіруюцца законам. Суд у нас застаецца залежным. Гэта звязана з тактычнымі момантамі”.

Паводле Радыё “Свабода” (www .svaboda .org ) i прэс-службы партыі БНФ

‹‹ на галоўную | у архіў