“Тыдзень Беларускай Культуры ў Іркуцкай вобласці” адкрые выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
“Тыдзень Беларускай Культуры- 2007” пройдзе ў Іркуцкай вобласці (Расія) з 20 траўня па 4 чэрвеня. Як паведаміў старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Яна Чэрскага” Алег Рудакоў, першым мерапрыемствам стане выстава-конкурс “Беларускае рамяство жыве ў Прыбайкаллі”. Выстава адкрыецца ў абласным краязнаўчым музеі 20 траўня.
Падобная выстава ўпершыню пройдзе ў рамках “Тыдня беларускай культуры”. На ёй будзе прадстаўлена творчасць лепшых майстроў, якія жывуць у Іркуцкай вобласці. Раней падчас фестывалю праходзілі выставы, якія паказвалі гісторыю побыту беларусаў.
На выставе можна будзе пабачыць зусім розныя вырабы: ад традыцыйных ручнікоў да сучасных рэчаў. Так можна будзе пабачыць сумачкі для мабільных тэлефонаў, якія створаныя ў нацыянальных беларускіх традыцыях, упрыгожаныя арнаментам. Будзе прадстаўлена творчасць каля 15 майстроў з Усць-Ардынскага Бурацкай аўтаномнай акругі, а таксама з Тайшэта, Брацка, Іркуцка і іншых тэрыторыяў вобласці.
Таксама ўпершыню ў межах “тыдня” пройдзе навучальны семінар “Беларуская традыцыя”. На ім будуць заняткі па сэнсавай вышыўцы, дзе ўдзельнікі даведаюцца пра нацыянальныя сімвалы, законы спалучэння розных беларускіх арнаментаў. Таксама ўсе жадаючыя здолеюць навучыцца побытавым беларускім танцам. “Гэта не тыя танцы, якія выконваюць на сцэне на канцэртах, а тыя, што танцуюць на вячорках, якія можа засвоіць любы ўдзельнік семінару”, – адзначыў А. Рудакоў.
Упершыню пройдзе і навукова-практычная канферэнцыя “Беларуская дыяспара Прыбайкалля – гісторыя, традыцыя, сучаснасць”.
У цэлым, падчас “Тыдня беларускай культуры” пройдзе восем мерапрыемстваў. Сярод іх маладзёвы вечар адпачынку “Беларускія вячоркі”, абласны конкурс-фестываль “Гучы гоман беларускi”, дзіцячае свята “На Байкале – Беларусь сінявокая” і інш.
Па словах А. Рудакова, правядзенне “Тыдня беларускай культуры” мае вялікае значэнне для захавання беларускай культуры ў Прыбайкаллі. Так з кожным годам у Іркуцкай вобласці павялічваецца колькасць аддзяленняў “Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Калі ў 2006 годзе іх было шэсць, то ў 2007 годзе ўжо дзевяць. Акрамя таго, «такія мерапрыемства моцна стымулююць жыхароў вёсак Іркуцкай вобласці ў сферы захавання і развіцця беларускай культуры”, – лічыць А. Рудакоў.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|