Скрадзеная ў Нігерыі грамадзянка Беларусі вызваленая

Грамадзянка Беларусі Ірына Экпа-Ума вызваленая вечарам 16 траўня.

Дарадца амбасады Расіі ў Нігерыі Віктар Ганчароў паведаміў: “Яна пачувае сабе нармальна. У дадзены момант яна знаходзіцца ў Порт-Харкортэ”. Віктар Ганчароў не паведаміў акалічнасці вызвалення Ірыны Экпа-Ума.

“Выкрадальнікі, я мяркую, не маюць дачынення да палітычных арганізацыяў краіны. Тут ёсць шэраг бандаў, якія перыядычна скрадаюць замежных грамадзянаў. Відавочна, гэта зрабілі, каб атрымаць выкуп”, – заявіў В. Ганчароў.

Крыстафер Кінг, кіраўнік аддзелу па кантактах з прэсай, кампаніі “Compass Group” , дзе працуе Ірына Экпа-Ума, пацвердзіў, што Ірына Экпа-Ума зараз на свабодзе.

Крыстафер Кінг: “Урэшцэ мы дамовіліся з выкрадальнікам, Ірына зараз вольная, але перамовы ішлі вельмі складана. Да апошняга моманту мы не былі ні ў чым упэўненыя. На жаль, мы не можам распавесці пра дэталі дамовы з бандытамі, бо мы не хацелі б нашкодзіць Ірыне. Зразумейце нас правільна. Жанчына вольная, і гэта галоўнае. Магу сказаць, што мы не выплацілі ніякіх грошай выкладальнікам”.

Пракаментаваць умовы вызвалення грамадзянкі Беларусі адмовіўся таксама і спадар Каале, следчы па справе Ірыны. Сп. Каале: “Супрацоўнікі кампаніі “Compass Group” вялі перамовы з бандытамі амаль што два тыдні, і ўсе супрацоўнікі напружана чакалі вынікаў. Мы ўсе вельмі шчаслівыя, што Ірына зараз на свабодзе, і мы хочам прапанаваць ёй вялікі працоўны адпачынак, каб яна наведала сваю сям’ю і, магчыма, пазбавілася перажыванняў пасля таго, што з ёй адбылося”.

“Ірына тэлефанавала а другой гадзіне ночы Разаліне (старэйшай дачцэ, якая вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце). Расказала, што падчас захопу выкрадальнікі прастрэлілі ёй нагу, пашкодзілі костку. Таму яна тэрмінова кладзецца ў бальніцу, дзе, найхутчэй, яе прааперуюць. Падрабязнасцяў вызвалення сястры я ня ведаю, бо з ёй яшчэ не размаўляў”, — распавёў брат Ірыны Алег Гівоін, які жыве ў Мінску.

Ірына Экпа-Ума знікла 5 траўня. Грамадзянку Беларусі скралі ў адным з гарадоў Нігерыі. Выкрадальнікі патрабавалі за яе выкуп 1,2 мільёна даляраў. Беларуска працуе ў Нігерыі ў карпарацыі “Whassan Eurest Nigeria Ltd”.

Паводле БелаПАН ( www . belapan . com ) ,

“Інтэрфакс” (www .interfax .by ),

газеты “Сідарнасць” (www .gazetaby .com )

і Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )

‹‹ на галоўную | у архіў