Дзень салідарнасці ў траўні
16 траўня ва ўсім свеце прайшлі акцыі, прымеркаваныя да Дня салідарнасці з Беларуссю.
Шэсце салідарнасці ў Лодзі
16 траўня ў польскім горадзе Лодзь беларускія студэнты зладзілі акцыю салідарнасці з Беларуссю.
Пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з партрэтамі палітвязняў і зніклых палітыкаў, транспарантам “Салідарнасць з Беларуссю” яны прайшлі шэсцем па цэнтру Лодзі да пляца Свабоды, дзе запалілі знічы.
Паводле “Хартыі’97” (www .charter 97.org )
У Маскве падтрымалі беларусаў
Штомесячная акцыя беларускай салідарнасці прайшла ў Маскве перад помнікам беларускаму паэту Янку Купалу.
Па традыцыі 16 траўня прадстаўнікі беларускай дыяспары ўсклалі кветкі да помніка беларускаму паэту, што на Кутузаўскім праспекце. Удзельнікі акцыі прынеслі з сабой нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Букеты, якія ўсклалі да помніка, таксама былі бел-чырвона-белыя.
Паводле “Хартыі’97” (www .charter 97.org )
У Вашынгтоне патрабуюць свабоды для Беларусі
16 траўня ў Вашынгтоне, насупраць беларускай амбасады, прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, зніклымі апазіцыянерамі, з усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю Беларусі. Мерапрыемства было арганізаванае ініцыятывай “Мы памятаем” сумесна з арганізацыяй “Погляд”.
У акцыі ўзялі ўдзел студэнты з Беларусі, якія навучаюцца ў ЗША, амерыканскія студэнты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вашынгтоне, турысты з Беларусі, студэнты з Чэхіі і Славаччыны і шмат іншых.
Удзельнікі акцыі трымалі партрэты беларускіх палітвязняў, бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты і транспаранты з надпісамі “Неадкладна вызваліць палітвязняў!”, “Выкрадзеныя і забітыя ў Беларусі”, “Лукашэнка, ты не можаш схаваць у турму будучыню Беларусі!”, “Прасігналь у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі!”, “Свабоду Казуліну!”.
Шмат жыхароў Вашынгтона, якія праходзілі паблізу, цікавіліся прычынай акцыі, сітуацыяй у Беларусі, стасункамі Беларусі і Расіі, выказвалі падтрымку ўсім, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Удзельнікі атрымалі водгук на акцыю ад шматлікіх кіроўцаў і мінакоў, якія праязджалі і што праходзілі паблізу – пікет нязменна суправаджаўся ветлівымі жэстамі з боку кіроўцаў, гудкамі машын, сігналамі веласіпедыстаў і цікавасцю да таго, што адбываецца з боку мінакоў.
Удзельнікі акцыі намерваюцца правесці наступную акцыю ў чэрвені, таксама ў 16-ы дзень месяца.
Паводле “Хартыі’97” ( www . charter 97. org )
У беларускую амбасаду ў Кіеве перадалі творы Сталіна
16 траўня ў Кіеве адбылася традыцыйная акцыя салідарнасці з беларускімі дэмакратамі, вязнямі сумлення і сем’ямі зніклых. Гэтым разам у ёй удзельнічалі не толькі грамад c кія дзеячы, але і маладыя літаратары: як украінскія, так і беларускія.
Беларускую літаратуру прадстаўлялі Андрэй Хадановіч і Сяргей Прылуцкі, украінскую – Анатолій Дністровы, Алег Коцараў, Багдан Гарабчук, Святлана Паваляева і Юры Шаляжэнка. Вершы – у асноўным на грамадзянскую тэматыку – паэты чыталі проста ў мегафон.
Напрыканцы ўдзельнікі акцыі перадалі беларускай амбасадзе кнігу з творамі Сталіна і афішу фільму аб “аранжавай рэвалюцыі” – “каб прадстаўнікі беларускае дзяржавы зрабілі высновы з гісторыі”.
Паводле “Хартыі’97” ( www . charter 97. org )
Амбасада Беларусі ў Варшаве – пад бел-чырвона-белым сцягам
16 траўня беларусы ў Варшаве адзначылі Дзень салідарнасці з Беларуссю. Некалькі дзесяткаў сяброў “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” і студэнтаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага правялі акцыю каля беларускай амбасады.
Маладыя людзі прайшлі шэсцем пад бел-чырвона-белымі сцягамі да будынка амбасады, а затым вялізарным, 10-метровым сцягам, накрылі кавалак плоту амбасады. Каля нацыянальнага сцягу былі запаленыя 16 свечак у памяць аб ахвярах рэжыму Лукашэнкі.
Старшыня “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антось Цялежнікаў падкрэсліў, што арганізацыя акцый салідарнасці будзе мець сэнс да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітвязні і ўлады не спыняць пераследаваць грамадскіх актывістаў за іх дзейнасць, пакуль справа палітычных забойстваў не будзе даследавана.
Паводле “Хартыі’97” ( www . charter 97. org )
Дзень салідарнасці з Беларус сю прайшоў у Празе
16 траўня – у Дзень беларускай салідарнасці – у Празе на Кршыжаўніцкім пляцы каля Карлавага мосту адбылася акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі Беларусі.
У акцыі ўдзельнічалі беларускія студэнты, актывісты беларускіх арганізацыяў у Празе і іх чэшскія сябры. Акцыя працягвалася гадзіну і прыцягнула ўвагу жыхароў Прагі і турыстаў – яны цікавіліся ў удзельнікаў акцыі падзеямі ў Беларусі, бралі з сабой інфармацыйныя матэрыялы.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|