Польскія суддзі не давяраюць беларускім калегам
Акруговы суд у Вроцлаве вырашыў не выдаваць беларускім уладам 30-гадовага беларуса Максіма Раменчыка — ягонай экстрадыцыі дамагалася беларуская пракуратура, абвінавачваючы Раменчыка ў разбоі. Абаронцы беларуса даводзілі, што гэта пераслед за палітычную дзейнасць.
Паводле суддзі Марыюша Вёнзка, “у цяперашняй сітуацыі выдача Беларусі Максіма Раменчыка недапушчальная паводле закону”. Суд не высвятляў, вінаваты Раменчык ці не ў тым, што закідае яму беларуская пракуратура, бо, як сказаў спадар Вёнзак, прадметам разбіральніцтва было, ці можа Раменчык разлічваць на справядлівы працэс у Беларусі”.
“Існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што не”, — заявіў суддзя.
Беларуская пракуратура абвінаваціла Максіма Раменчыка ў разбоі і крадзяжах, учыненых восенню 1998 года. Запыт аб ягонай экстрадыцыі, аднак, паўстаў толькі летась, пасля таго, як Максім 9 гадоў пражыў у Польшчы, скончыў Вроцлаўскі ўніверсітэт.
“Максім пасля 1998 года шмат разоў быў у Беларусі, і чамусьці яго не арыштоўвалі, а потым, калі ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі беларускіх акцыяў, далучыўся да некалькіх прабеларускіх арганізацыяў, пра ягоныя “злачынствы” адразу ўзгадалі», — кажа Войцех Суры, абаронца Максіма Раманчыка.
Паводле грамадскай арганізацыі “Цяпер Беларусь”, якая распаўсюдзіла ў справе спадара Раменчыка адмысловую заяву, усе абвінавачанні беларускіх следчых органаў на ягоны адрас — фальшыўка.
Адметна, што ў часе судовага працэсу маці Максіма Валянціна Раменчык пыталася, ці будзе тое, што яна гаворыць у судовай залі, вядомае ў Беларусі, бо перад судом яе змусілі падпісаць паперу аб тым, што на суд да сына яна не паедзе.
Сам Максім Раменчык, які быў вызвалены адразу пасля выраку, заявіў, што “да канца верыў у тое, што польскія ўлады не выдадуць яго беларускай пракуратуры”.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|