Канстытуцыйны суд падтрымаў ТБМ
Канстытуцыйны суд прапанаваў кіраўніцтву мінскага гандлёвага цэнтра “Карона” выкарыстоўваць беларускую мову разам з рускай у афармленні прадпрыемства і інфармаванні грамадзян. Пра гэта гаворыцца ў адказе намесніка старшыні Канстытуцыйнага суда Аляксандра Марыскіна на зварот старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алега Трусава.
“Супрацоўнікі цэнтра павінны валодаць беларускай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання сваіх службовых абавязкаў, інфармавання наведвальнікаў цэнтра аб таварах і паслугах”, — гаворыцца ў адказе КС. Паводле слоў А.Марыскіна, Канстытуцыйны суд накіраваў адпаведны ліст кіраўніцтву цэнтра “Карона” з прапановай “па магчымасці выкарыстоўваць беларускую мову разам з рускай, забяспечваючы фактычнае двухмоўе на практыцы”.
А. Трусаў зазначыў, што ўдзячны Канстытуцыйнаму суду, які, паводле яго слоў, “нефармальна паставіўся” да звароту кіраўніцтва ТБМ. “Бо ў свой час Канстытуцыйны суд зазначаў, што закон аб мовах у рэдакцыі, прынятай у 1998 годзе Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, супярэчыць Канстытуцыі краіны. І гэтая калізія захоўваецца дагэтуль. Аднак, як у любой нармальнай еўрапейскай краіне, закон аб мовах павінен адпавядаць, перш за ўсё, інтарэсам спажыўца, а не кіраўніцтва гандлёвага прадпрыемства”, — сказаў А. Трусаў. Ён выказаў спадзяванне, што з дапамогай Канстытуцыйнага суда дзяржаўная беларуская мова зойме належнае месца ў гандлёвым цэнтры “Карона”.
Нагадаем, спачатку ТБМ звярталася да кіраўніка гандлёвым цэнтрам “Карона” Валерыя Палынкова. У адказе апошняга было зазначана, што кіраўніцтва прадпрыемства выбрала рускую мову “для візуальнага афармлення гандлёвага цэнтра “Карона” і прадстаўлення грамадзянам інфармацыі аб таварах і паслугах з мэтай стварэння спажыўцам максімальна зручнага ажыццяўлення пакупак”. Атрымаўшы гэты адказ, ТБМ звярнулася 12 красавіка ў КС.
Паводле “Хартыі’97” (www .charter 97.org ) і БелаПАН
|