У Беларусі пройдуць Дні культуры Швецыі

Галоўнымі тэмамі Дзён культуры Швецыі, якія пройдуць у Беларусі з 17 траўня па 10 чэрвеня, стануць літаратура і кіно.

Дні культуры Швецыі, прымеркаваныя да Нацыянальнага дня краіны, праводзяцца ў Беларусі ўжо ў шосты раз. Мерапрыемствы арганізаваныя аддзяленнем пасольства Швецыі ў Беларусі пры падтрымцы Шведскага інстытута.

17 траўня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску пройдзе прэзентацыя другога выдання кнігі Андрэя Катлярчука “Шведы ў гiсторыi і культуры беларусаў”. Будзе арганізаваная сустрэча з аўтарам.

24 траўня ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы сталіцы адбудзецца прэзентацыя кнігі шведскага дзіцячага пісьменніка Енца Албома “Енатан з гары чаек”. Кніга напісана для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Гэта казка пра хлопчыка, які жыве ў краіне, дзе ўсе жыхары ўмеюць лятаць, а ў яго няма крылаў, каб лятаць у школу. Але герой знаходзіць выхад з гэтай сітуацыі. На прэзентацыю будуць запрошаныя дзеці з асаблівасцямі развіцця, якія атрымаюць кнігу ў падарунак. На сустрэчу таксама прыедзе аўтар.

З 30 траўня па 2 чэрвеня ў трох гарадах Беларусі будуць арганізаваныя літаратурна-музычныя дні. У іх прыме ўдзел шведская пісьменніца Астрыд Тротцыг, паэты Эрык Бэрквіст і Клаўдыя Маркс, а таксама шэраг беларускіх пісьменнікаў і музыкаў. 30 траўня мерапрыемствы пройдуць і Мінску, 31 траўня – у Гародні, 1 чэрвеня – у Пінску. У гэтыя дні з Мінска ў Пінск праз Гародню традыцыйна праедзе "літаратурна-музычны аўтобус”. Студэнты, маладыя літаратары, пісьменнікі будуць спыняцца ў розных гарадах і праводзіць літаратурна-музычныя імпрэзы.

У рамках Дзён культуры з 28 траўня па 6 чэрвеня ў мінскім кінатэатры “Перамога” адбудзецца паказ фільма Кая Полака “Як на нябёсах”, які быў уганараваны чатырма прызамі на фестывалі “Лiстапад” у 2006 годзе. 7 чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны” можна будзе пабачыць два дакументальных фільмы – “Так, як тут” Андэрса Фельмана і Даніэля Сверда і “Мужчынская справа” беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч.

Завершаць праграму тры мастацкіх фільмы. 8 чэрвеня будзе паказана лента “Бывай, Фалькенберг” Еспера Гансланта, 9 чэрвеня – “Чортавы правінцыялы” Марыі Блум, 10 чэрвеня – “Віват, кароль!” Ульфа Мальмраса. Кожны фільм будзе паказаны двойчы за дзень: першы раз – на мове арыгінала з англійскімі субцітрамі, другі – з перакладам на беларускую мову.

Паводле charter97.org

‹‹ на галоўную | у архіў