У Ружанах адкрыюць памятны знак Льву Сапегу

У жніўні гэтага года падчас свята пасёлка Ружаны (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці) на руінах галоўнага корпуса рэзідэнцыі князёў Сапегаў, помніка архітэктуры XVII-XVIII ст., запланавана адкрыццё памятнага знаку канцлеру ВКЛ Льву Сапегу. Пра гэта паведамляецца ў лісце Упраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкама кіраўніцтву “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што імя і дзейнасць Льва Сапегі будуць адзначацца на працягу ўсяго 2007 года. Па ягоных словах, акрамя мемарыяльнага знаку, які ўсталяваны на радзіме канцлера ВКЛ – зараз аграгарадок Астроўна Віцебскай вобл, запланаваны мерапрыемствы па ўвекавечванні памяці Л. Сапегі ў Ружанах, у Слоніме, дзе таксама была адна з рэзідэнцый Сапегі. “Мы спадзяемся, што хутка ў Слоніме з’явіцца помнік Сапегу па праекту заслужанага дзеяча мастацтва Беларусі скульптара Івана Міско”, – сказаў А. Трусаў. Ён таксама нагадаў, што 450-годдзе канцлера ВКЛ будзе адзначана і ў Шклове (Магілёўская вобл.) на святкаванні Дня беларускай пісьменнасці 2 верасня гэтага года.

Паводле “Хартыі’97” (www . charter97.org ) і БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў