Беларускі рок пад забаронай: адмененыя канцэрты гуртоў “Крама”, “Indiga”, “Partyzone”, “ZET” і “IQ48”

Рок-канцэрт у Мазыры з удзелам гуртоў “Partyzone” і “Indiga” забараніў намеснік мэра горада, у Мінску ідэолагі чарговы раз адмовілі ў правядзенні канцэрту гурту “Крама”. У панядзелак чыноўнікі забаранілі яшчэ адзін канцэрт – сумесны выступ “ZET” і “IQ48”. Канцэрт удалося правесці ў іншым месцы, але на яго арганізатараў склалі пратакол.

У тым, што дзяржава ўзяла пад поўны кантроль музычную сферу, мог запэўніцца кожны, хто сачыў за падрыхтоўкай да фестывалю “Еўрабачанне”. Артыста Калдуна ўзяла пад пільную апеку не толькі Міністэрства культуры. Дастаткова азнаёміцца з Пастановай Савета Міністраў ад 16 лютага “Аб стварэнні аргкамітэту па падрыхтоўцы да конкурсу песні “Еўрабачанне”. У гэты камітэт увайшлі віцэ-прэм’ер Аляксандар Касінец, дарадца прэзідэнта Алег Праляскоўскі, а таксама такія адыёзныя асобы, як Аляксандр Зімоўскі і Юры Азаронак. Апошні ачоліў беларускую дэлегацыю ў Хельсінкі.

Таму не дзіва, што чыноўнікі не даюць ходу ідэалагічна няправільнай, на іх думку, музыцы. Толькі за апошнія дні ў Беларусі былі забароненыя тры рок-канцэрты.

Гурты “ZET” і “IQ48” меліся даць вялікі канцэрт у мінскім клубе “Арэна” ў панядзелак. Аднак з незразумелых прычынаў у дзень канцэрту клуб адмовіў арганізатарам у памяшканні. Расказвае Лявон Вольскі: “Літаральна ў апошні момант у клуб затэлефанавалі з упраўлення культуры Мінгарвыканкама і параілі не праводзіць канцэрт. Спехам яго перанеслі ў “Катакомбы”. Не магу зразумець, навошта было тэлефанаваць, гэта ж толькі азлабляе музыкаў ды іх прыхільнікаў. Маглі б заплюшчыць вочы на гэтае мерапрыемства, тым больш яно было непалітызаванае”.

Канцэрт усё ж удалося правесці ў гэты дзень у іншым клубе. Праз некалькі хвілінаў пасля яго пачатку да арганізатараў падышлі некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным ды запрасілі таго прайсці з імі.

“Нас затрымалі, але нікуды не забіралі. Завялі ў пакой у самім клубе, дзе прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і міліцыянты. Склалі пратакол аб арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства з удзелам гуртоў “ZET” і “IQ48”. Казалася пра тое, што ёсць непажаданыя гурты. Яны не забароненыя, але іх публічны выступ непажаданы”, – паведаміў арганізатар імпрэзы.

У гэты ж дзень чыноўнікі чарговы раз адмовілі ў правядзенні канцэрту “Крамы”. Канцэрт планавалася правесці 30 траўня ў клубе “Night Star”, але пасля таго ж тэлефанавання зверху кіраўніцтва клубу папрасіла ў арганізатараў прабачэнне і адмяніла мерапрыемства. Дырэктар гурту Павал Кашырын зноў наведваў упраўленне культуры Мінгарвыканкама, якое дае дазволы на правядзенне культурных імпрэзаў у сталіцы. Чыноўнікі знайшлі новую прычыну адмовы правядзення прэзентацыі новага дыску гурту “Крама”.

“Сказалі, што нізкі мастацкі ўзровень. Гэта сказаў не непасрэдны кіраўнік аддзелу культуры Кураш і не ягоны намеснік Сабітаў, з якімі мы мелі размову. Яны спаслаліся на ідэолагаў, якім Кураш даў паслухаць новы альбом “Крамы”. Была нават прапанова мастацкі савет склікаць. Для музыкаў гэта абразліва”, – паведаміў Кашырын.

Тым не менш, як ўпэўніваюць удзельнікі “Крамы”, яны маюць намер правесці канцэрт, нягледзячы на перашкоды. Ён не будзе шырока анансавацца, але арганізатары прэзентацыі раяць сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце.

З не меншымі праблемамі сустракаюцца арганізатары канцэртаў у рэгіёнах. У Мазыры планавалася зрабіць вялікі рок-канцэрт з удзелам мінскіх гасцей – гурту “Partyzone” і “Indiga”.

“Увечары перад канцэртам мне патэлефанавалі арганізатары і паведамілі, што нашага выступу не будзе, бо канцэрт “крышачку забаранілі”. Што значыць “крышачку”, я не разумею, болей з гэтымі людзьмі я не размаўляла”, – паведаміла Руся.

Па інфармацыі арганізатараў, канцэрт забараніў намеснік мэра горада з красамоўным іменем Фелікс Галюк. Пасля яго тэлефанавання былі знятыя ўсе афішы ды зачыненая зала мясцовага ДК. Адзін з завадатараў гэтай акцыі Юрась здолеў дазнацца, што прычынай забароны быў удзел гурту “Indiga”. Спробы разабрацца ў сітуацыі ніякага плёну не прынеслі. Юрась распавядае, як ён хадзіў на прыём да Галюка: “Я хадзіў да яго афіцыйна на прыём. Ён сказаў, што гэта не яго пытанні, і скіраваў нас у аддзел культуры. Там на нас паглядзелі са здзіўленнем і паведамілі, што аніякага дачынення да гэтага не маюць, бо мясцовае ДК не падпарадкоўваецца гарадской адміністрацыі. І адправілі нас ізноў да Галюка. Намесніка мэра мы заспелі на прыступках выканкаму. Ён сказаў: ідзіце адсюль, бо вамі зоймуцца іншыя людзі. І пайшоў далей”.

На днях пабачыў свет новы альбом каманды “ N .R.M.”, але Лявон Вольскі не пэўны, што ягоная прэзентацыя пройдзе на тэрыторыі Беларусі. “Хіба што ў падземным пераходзе зайграць”, – жартуе музыка. Што ў гэтай сувязі рабіць айчынным рок-музыкантам, на дзейнасць якіх па-сутнасці накладзеная забарона?

“Мне самому сабе хочацца задаць такое ж пытанне. Атрымліваецца як за Саветамі, але яшчэ болей цынічна. Выйсце ў правядзенні кватэрнікаў. Пашыраць замежны ўплыў, ладзіць канцэрты ў іншых краінах – адзінае, што застаецца”, – лічыць Л. Вольскі.

Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )

‹‹ на галоўную | у архіў