Светлай памяці Аляксандра Сільвановіча

У Злучаных Штатах Амерыкі, у горадзе Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), 14 траўня на 71-м годзе пасля цяжкай хваробы памёр Аляксандр Сілвановіч. Гэта быў шматгадовы працаўнік на беларускай грамадскай, рэлігійнай, культурнай і палітычнай ніве.

Ён прыехаў з бацькамі ў Амерыку на пачатку 1950-х гадоў. А. Сільвановіч здабыў вышэйшую адукацыю, працаваў у Тэхналагічнай групе на адказных пасадах у штаце Нью-Джэрсі. Таксама быў шмат гадоў сябрам Прэзідыума Беларускай Народнай Рэспублікі, належаў да Рады і Кансісторыі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, да Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Браў удзел у арганізацыі і завозе ў Беларусь гуманітарнай дапамогі для ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Быў сустаршынёй Кааліцыі ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Лабіраваў у Вашынгтоне справу дапамогі Беларусі ў змаганні за незалежнасці і дэмакратыю. Быў сябрам рэдкалегіі англа-беларускага слоўніка, які быў надрукаваны ў Мінску ў мінулым годзе.

Светлай памяці Аляксандр Сільвановіч пакінуў у глыбокім смутку жонку Ніну, двух жанатых сыноў, дзве замужнія дачкі і ўнукаў. Пахаваны ён будзе на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, недалёка да месца, дзе жыў.

Вечная памяць вернаму сыну Беларусі, якую ён любіў і дзеля якой працаваў.

Янка Запруднік

‹‹ на галоўную | у архіў