Беларусі не месца ў Радзе правоў чалавека ААН
Прадстаўнікі палітычных колаў Еўропы звярнуліся да Генеральнай асамблеі Аб’яднаных нацый з патрабаваннем адхіліць кандыдатуру Беларусі як новага сябра Рады ААН па правах чалавека. Еўрапейскія палітыкі называюць вылучэнне Беларусі на безальтэрнатыўнай аснове “проста скандалам” і нават “двума скандаламі”.
Разам са Славеніяй Беларусь прэтэндуе на два месцы ў Радзе ад Усходняй Еўропы.
Паводле аглядальнікаў нямецкага радыё “Deutschlandfunk”, калі ў Радзе ААН па правах чалавека ўжо прадстаўленыя такія недэмакратычныя і неправавыя краіны, як Кітай, Расія, Куба, Марока, Азербайджан, нельга выключаць, што да іх кампаніі далучыцца і гэтак званая “апошняя дыктатура Еўропы”.
Сябры Камітэту прававых пытанняў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і Камісіі правоў чалавека нямецкага Бундэстагу заклікаюць Генеральную Асамблею зрабіць усё, каб пазбегнуць скандалу. Як вынікае з заявы ПАРЕ, “выстаўленне Беларусі ў якасці безальтэрнатыўнага кандыдата ў Раду ААН у пытаннях правоў чалавека проста скандал, калі ўлічыць змрочную рэпутацыю краіны ў пытаннях правоў чалавека”.
У Камісіі правоў чалавека нямецкага парламенту намінацыю Беларусі класіфікуюць як “два скандалы”. Старшыня камісіі Герта Дойблер-Гмелін разам са сваімі калегамі выказвае пратэст у сувязі з вылучэннем Беларусі ў праваабарончы орган ААН.
Паводле Г. Дойблер-Гмелін, Беларусь нельга прымаць ў Раду ААН ні пры якіх абставінах:
“Тут адразу, гэтак мовіць, два скандалы. Першы – Беларусь прэтэндуе ў Раду, сябрамі якой, згодна з рэзалюцыяй ААН, могуць быць краіны з высокім стандартам правоў чалавека. Другі – абранне ў Раду не робіцца на аснове выбару. На два месцы ад Усходняй Еўропы прэтэндуюць Беларусь і Славенія, хаця павінна быць больш кандыдатаў”.
Як кажа старшыня парламенцкай Камісіі Бундэстагу, яна чула, што ў апошнія дні робяцца намаганні з боку ўсходнееўрапейскіх краінаў вылучыць іншыя кандыдатуры. “Калі гэта не атрымаецца – я кажу ад імя старшыні парламенцкай камісіі ў правах чалавека, ад імя краінаў – сяброў ААН – хай месца лепш застанецца пустым, бо такія краіны як Беларусь нельга абіраць”, – гаворыць Герта Дойблер-Гмелін.
Тым часам у шэрагу буйных нямецкіх гарадоў – Мюнхене, Гайдэльбергу, Мангайме, Гале ды іншых – сябры мясцовай філіі “Міжнароднай амністыі” праводзяць фотаакцыю “Faces for Amnesty”. Маладыя людзі выходзяць на вуліцы з вялікімі партрэтамі беларускіх палітзняволеных. На здымках вялікімі літарамі напісана: “Вызвалім палітычных вязняў у Беларусі!” Праваабаронцы расказваюць мінакам пра гэтых людзей і прапануюць паставіць свае подпісы на партрэтах.
Паводле прадстаўніка “Міжнароднай Амністыі” Бэн’яміна Тыцэ, “мэта кампаніі –інфармаванне немцаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі.”
“Тыя людзі ў Беларусі, якія хочуць удзельнічаць у дэмакратычным працэсе, змагаюцца за правы чалавека, яны абавязкова адчуваюць пераслед з боку ўладаў”, – кажа Б. Тыцэ.
Паводле яго, ахвярамі рэпрэсій становяцца пераважна маладыя людзі. “Удзельнікаў мірных акцыяў арыштоўваюць, студэнцкіх актывістаў выключаюць з універсітэтаў. Мы павінны растлумачыць нямецкай грамадзкасці, як церпяць ад рэжыму тыя, хто знаходзіцца ў апазіцыі”, – гаворыць праваабаронца.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|