У Мінску праваслаўнага святара адлучылі ад царквы

Айцец Аляксандр Шрамко пацярпеў за “празмернае карыстанне інтэрнэтам”.

Гэты дзіўны скандал пачаўся некалькі месяцаў таму, калі ў прэсу прайшла інфармацыя, што кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы забараніла святару А. Шрамку весці “Жывы журнал” у Інтэрнэце. Праз Інтэрнэт-старонку айцец Аляксандр размаўляў з вернікамі, змяшчаў там свае думкі і развагі пра будзённае і вечнае.

Яшчэ ў сярэдзіне 90-х а. Шрамко запомніўся многім, як першы ў Мінску праваслаўны святар, які пачаў адпраўляць набажэнствы па-беларуску.

25 красавіка гэтага года а. Аляксандр узяў удзел у прэсавай канферэнцыі, якую зладзіла пратэстанцкая царква “Новае жыццё”. На ёй сп. Шрамко, сярод святароў іншых канфесій, негатыўна выказаўся пра закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення”. Ён зазначыў, што вельмі часта гэты закон абмяжоўвае цэрквы, якія актыўна развіваюцца ды займаюцца місіянерскай дзейнасцю, пашыраюць свой уплыў у грамадстве.

Літаральна адразу пасля прэс-канферэнцыі святара выклікалі на размову ў Аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а затым у экзархат. Апроч удзелу ў канферэнцыі а. Аляксандру закідаўся ў віну ўдзел у онлайн-канферэнцыі на сайце газеты “Наша Ніва”. А таксама згаданы вышэй “Жывы Журнал”.

На Царкоўным судзе, якія адбыўся некалькі дзён таму, быў зачытаны ўрывак адтуль, дзе а. Шрамко піша: “Пажаданне мітрапаліта Філарэта гэта, можна сказаць, звычайная справа, калі галава галоўнай канфесіі выказвае пратакольную падтрымку існуючаму прэзідэнту. Калі б да ўлады прыйшоў Зянон Пазняк, у мітрапаліта Філарэта знайшліся добрыя словы і для яго”.

Суд палічыў, што гэтым выказваннем сп. Шрамко абразіў Філарэта. А ўласна вядзеннем “Жывога Часопісу” і ўдзелам у канферэнцыях парушыў правіла, што святар не можа нічога рабіць без дазволу экзархату.

Рашэнне было адназначным: забараніць служэнні і адправіць за штат. Аднак канчатковае слова будзе за кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Філарэтам. Пакуль жа а. Аляксандр адпраўляе набажэнствы.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”
(http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў