125 гадоў першаму Народнаму артысту Беларусі
Сёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Галубка, беларускага драматурга, тэатральнага рэжысёра, акцёра, мастака-дэкаратара, пейзажыста. У. Галубок быў першым Народным артыстам БССР.
Уладзіслаў Галубок (сапр. Голуб) нарадзіўся 15 траўня 1882 г. на станцыі Лясная (сёння вёска ў Баранавіцкім раёне). Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у краме, слесарам у дэпо. “У 1896 г. за грошы, заробленыя на выгрузцы дроў, я набыў білет на галёрку мінскага тэатра. Там і ўзнікла ў мяне думка стаць артыстам...”
У 1917—1920 гадах Уладзіслаў Галубок — актор і рэжысёр Першага таварыства беларускае драмы і камедыі, з 1920 г. — кіраўнік Драматычнай секцыі культурна-асветнай арганізацыі “Папараць-кветка” ў Слуцку. У 1920 г. стварыў і быў мастацкім кіраўніком Трупы беларускіх артыстаў У. Галубка пры Беларускім рабочым клубе ў Мінску (потым Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр). Гэта быў вандроўны тэатр, з якім У. Галубок з’ездзіў усю Беларусь. Тэатр Галубка карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў.
Сам Уладзіслаў Галубок напісаў каля 40 п’есаў на розныя тэмы.
Пры канцы 1920-х У. Галубка звінавацілі ў нацыяналістычным ухіле, а ў 1931 г. У. Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва БДТ-3. У 1937 г. Уладзіслаў Галубок быў рэпрэсаваны. Паводле афіцыйнай версіі, У. Галубок памёр ад гіпертанічнай хваробы.
Паводле “Нашай Нівы” ( www . nn . by )
|