У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў
Так вырашылі дэлегаты рэгіянальных канферэнцый аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. І нават сітуацыя ў Магілёўскай вобласці, дзе на пасяджэнні не было кворуму, не можа паўплываць на канчатковае рашэнне.
“Нават калі ў Магілёве адбудзецца кансалідаванае галасаванне, яно ўжо не можа змяніць агульную карціну, – сказаў у інтэрв’ю Радыё “Свабода” лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін. – Мы разглядаем такую магчымасць – захаваць вынікі галасавання ў Магілёве тых дэлегатаў, хто там галасаваў, ды правесці дадатковае галасаванне для тых, хто гэтага не зрабіў у суботу”.
Такім чынам, удзельнікі рэгіянальных канферэнцый выказаліся за інстытут сустаршынства. Гэтыя функцыі будуць ускладзеныя на Вінцука Вячорку, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку, Анатоля Ляўковіча і Аляксандра Мілінкевіча.
Мяркуецца, што ўжо на першым пасяджэнні новага складу Палітычнай рады за кожным з іх будуць замацаваныя канкрэтныя кірункі працы.
Паводле Радыё “Свабода” ( www . svaboda . org )
|