Сакрат Яновіч: “Я баюся толькі Божага суду, а не людскога”
Як паведамлялася на нашым сайце ў навінах за 11 траўня вядомы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, літаратар Сакрат Яновіч прызнаўся ў люстрацыйнай анкеце, што быў свядомым супрацоўнікам камуністычнай службы бяспекі. Ягоную заяву пракаментавалі іншыя беларусы.
Як прызнаецца С. Яновіч, сярод асобаў, пра якіх ён павінен быў інфармаваць СБ, былі пісьменнік Аляксандр Баршчэўскі і тагачасны рэдактар “Нівы” Юры Валкавыцкі. Яновіч кажа, што перад СБ ніколі дрэнна не сведчыў супраць гэтых людзей і ягоная дзейнасць не магла б прынесці ім у той час шкоды.
А. Баршчэўскі адзначыў: “Для мяне гэта было нечаканасцю, бо ўсе гады Яновіч рабіў усё, каб прадставіцца перад чытачамі як сумленне беларускай нацыі. Ён вельмі часта лаяў беларусаў, што яны пазбаўленыя нацыянальных пачуццяў, што нячыстыя маральна і духоўна. Аказалася, што ён сам такі. І ён хлусіць, калі кажа, што калі СБ з ім сустракалася, то ён вельмі пазітыўна гаварыў пра мяне і Валкавыцкага. СБ не ангажавала б чалавека, які б пазітыўна выказваўся пра іншых. Як гэта так, што ў размове з СБ ён казаў, што я добры, а пасля ішоў дадому і ў сваіх дзённіках аплёўваў мяне “з ног да галавы”. Хай Бог яго судзіць, я з гэтым чалавекам не жадаю мець аніякіх кантактаў”.
Гісторык Яўген Мірановіч, былы рэдактар “Нівы”, а цяпер кіраўнік кафедры беларускай культуры ўніверсітэту ў Беластоку, гаворыць, што не асуджае Сакрата Яновіча і лічыць гэта чалавечай драмай пісьменніка.
Я. Мірановіч: “Я ўспрыняў гэта без асаблівых эмоцыяў, для мяне гэта не было сенсацыяй. Тады быў час такі, што ў меншасных рэдакцыях фактычна ўсе адзін пра другога інфармавалі. Такі парадак быў ва ўсім савецкім лагеры, і ня толькі сярод меншасных арганізацыяў. Тым больш, што ён паспрабаваў адысці ад гэтага, за што быў звольнены з працы. Я лічу гэта драмай чалавека, які меў годнасць, каб пакінуць гэта за сабою. Ён зразумеў, што зрабіў памылку”.
Гісторык, колішні супрацоўнік беластоцкага тыднёвіка “Ніва”, прафесар Алег Латышонак таксама адзначыў: “Калі я даведаўся, то проста адразу, нават не чытаючы, зразумеў, як гэта магло стацца, паколькі як гісторык ведаю, які гэта быў час. Трэба разумець, што гэта адбывалася ў час, калі ўсё беларускае толькі што стала дазволенае. Сакрату, тады маладому чалавеку, казалі, што ён мусіць усё гэта абараняць. І так маладога чалавека вельмі лёгка ўцягнуць у быццам бы высакародную ідэю, а пасля вельмі цяжка з гэтага выйсці.
Мы ўжо столькі ведаем гісторыяў, як хтосьці спрабаваў выйсці з гэтай залежнасці, і самае важнае – калі чалавек ужо парваў, здолеў знайсці ў сабе маральную сілу, каб парваць з такой сітуацыяй, тады ён можа стацца аб'ектам пераследу, і Сакрат быў дзесяткі гадоў пераследаваны. Цяпер я больш разумею, чаму з такой заядласцю яго пераследавалі ў 70-я гады”.
Чалавек з прынцыпамі – такім заўсёды лічыў Сакрата Яновіча Генадзь Бураўкін. Паэт не хоча быць суддзёю для Сакрата Яновіча.
Г. Бураўкін: “Трэба ведаць пэўныя рэчы: ці было гэта актыўнае супрацоўніцтва, ці фармальнае. Наколькі я ведаю Сакрата Яновіча, ён заўсёды быў асобаю з прынцыпамі, цікавы і сур’ёзны чалавек. Не ведаючы дэталяў ягонага супрацоўніцтва, я баюся ацэньваць гэты ўчынак, але, бясспрэчна, мне гэта вельмі непрыемна”.
Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводства ў сям'і шаўца. У 1955 г. скончыў Беластоцкі электратэхнікум. Працаваў брыгадзірам электраманцёраў на баваўняным камбінаце пад Беластокам. З 1956 г. працаваў у новастворанай рэдакцыі газеты “Ніва” – перакладчыкам, потым журналістам. У 1959-1962 гг. загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пасля звальнення ў 1970 г. з працы ў “Ніве” па палітычных матывах (за гэтак званы беларускі нацыяналізм) застаўся беспрацоўным. Нейкі час працаваў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. У 1973 г. скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту. У другой палове 70-х гг. – пазаштатны інструктар-метадыст Беластоцкага гарадскога Дому культуры, у першай палове 80-х гг. – тэхнічны рэдактар “Нівы”. Сябра Саюзу польскіх пісьменнікаў. З’яўляўся старшынём Клубу Саюзу польскіх пісьменнікаў у Беластоку. Старшыня Беларускага дэмакратычнага аб'яднання – першай беларускай палітычнай партыі ў пасляваеннай Польшчы. Аўтар 30 кнігаў.
Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by),
Радыё “Свабода” (www.svaboda.org) i www.autary.iig.pl
|