CD-фармат беларускай літаратуры

У беларускіх крамах не першы год прадаюцца творы расійскай ды замежнай класікі ў аўдыё-варыянце. Сёлета зрушыліся з месца і беларускія выдаўцы — некалькі падобных праектаў ужо рэалізуюцца.

Творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” падрыхтавала да выдання першыя беларускамоўныя аўдыёкнігі. Адзін з галоўных удзельнікаў праекту рэжысёр Валер Мазынскі апавядае, што ўжо скончаная праца над творамі Оруэла “ 1984” і “Ферма”, аўдыёварыянтам папулярнага выдання “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. У планах ініцыятараў праекту — выдаць па два аўдыёдыскі з творамі Якуба Коласа і Янкі Купалы, а таксама дыск з запісам невядомых твораў Міколы Ермаловіча. Валер Мазынскі пэўны, што зацікавіцца аўдыёкнігамі не толькі моладзь.

В. Мазынскі: “Учора ў аўтобусе пабачыў дзядзьку на выгляд старэйшага за мяне, гадоў пад 70. У вуху ў яго навушнік тырчаў. Думаю: няўжо папсу слухае? Падсеў бліжэй, выявілася, што аўдыёкнігу”.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў пацвердзіў інфармацыю, што ў будучым плануецца выдаваць у аўдыёфармаце і творы сучасных беларускіх аўтараў: “Пакуль гэта камерцыйная тайна, але выдаўцы ўжо прапанавалі зрабіць дзве мае кнігі ў аўдыёварыянце. Сам я прыхільна стаўлюся да такой ідэі, таму з задавальненнем пагадзіўся”.

Яшчэ адзін беларускі літаратурны аўдыёпраект разлічаны на самых маленькіх. Спявак Алег Хаменка начытаў ужо дзесяткі беларускіх народных казак. У працы таксама ўзялі ўдзел музыкі з гурту “Палац” і фалькларыстка Ларыса Рыжкова. Першыя дыск — “Казкі пра жывёлаў” — ужо з’явіўся ў продажы. Другая частка — “Беларускія чароўныя казкі” — нядаўна запісаны, плануецца зрабіць і трэці дыск, на якім прагучаць казкі на сацыяльную тэматыку. Алег Хаменка распавядае, чаму ён узяўся за такую працу.

А. Хаменка: “Беларускую казку чытаць не вельмі цікава, куды цікавей яе слухаць. Раней не было газетаў ды тэлебачання, дык калі нехта апавядаў казку, яго з задавальненнем слухалі. Сённяшнім дзеткам таксама вельмі падабаецца слухаць нашы казкі, ужо нямала станоўчых водгукаў на тое, што мы зрабілі. Маю спадзеў, што з дапамогай сучасных сродкаў яшчэ нямала людзей зацікавіцца народнымі казкамі”.

Іншая ініцыятыва, якой займаецца дабрачынны фонд “Зямляцтва” з Гомельскай вобласці, скіраваная найперш на дапамогу людзям са слабым зрокам. Менавіта для іх планавалася запісаць серыю аўдыёкніг, у тым ліку творы Караткевіча, Коласа ды класікі сусветнай літаратуры. Дырэктар фонду Уладзімір Рэва распавядае, што сёе-тое зрабіць паспелі, але цяпер праект змушана згарнуўся, бо не хапае фінансавання.

У. Рэва: “Мы запісалі сваімі сіламі 15 аўдыёкніг, якія скіраваныя найперш на сляпых дзетак, якія самі не могуць чытаць. Агучвалі яго таксама дзеці — навучэнцы тэатральнага аддзялення школы мастацтваў. Хацелі працягнуць працу, але трэба было аплачваць выдаткі, і болей грошай мы папросту не знайшлі. З’явілася б фінансаванне – з задавальненнем бы працягнулі праект”.

Літаратурны крытык Павал Абрамовіч згодны, што зараз у Беларусі вельмі патрэбныя аўдыёкнігі. І менавіта на сваёй мове. Але сам літаратар не адносіць аўдыёкнігі да ліку літаратуры.

П. Абрамовіч: “Лічу, што гэта не літаратура. Нехта можа лічыць, што гэта нешта большае, але я прымаю гэта за нешта меншае. Прачытанне кнігі, па-мойму, вымагае болей высілкаў і болей творчай працы. Таму я на баку друкаванай літаратуры”.

А вось украінскі літаратурны крытык Багдана Маціяш лічыць, што аўдыёкнігі могуць выдатна дапоўніць непасрэдна літаратурны даробак. Супрацоўніца ўкраінскага часопісу “Крытыка” апавядае, што ў іх свае аўдыёкнігі таксама пачалі з’яўляцца толькі нядаўна. І попыт на іх яшчэ асабліва не вызначыўся.

Б. Маціяш: “Такія рэчы выглядаюць куды цікавей, калі будуць у аўтарскім выкананні. На маю думку, вялікую цікавасць ўяўлялі б паэтычныя анталогіі ў аўдыёфармаце. Справа ў тым, што той жа самы друкаваны і прачытаны верш могуць розніцца між сабой. Ёсць сэнс прапаноўваць спажыўцы два варыянты тэксту”.

Паводле Радыё “Рацыя” ( www . racyja . com )

‹‹ на галоўную | у архіў