У Мінску і Магілёве адбыліся рэгіянальныя кангрэсы

Сталі вядомыя вынікі галасавання дэлегатаў мінскай і магілёўскай канферэнцый аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мінскія дэмакраты выступаюць за сустаршынства на пасадзе лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а магілёўскія адмаўляюцца ўдзельнічаць у кангрэсе наогул.

У Мінскай гарадской канферэнцыі ўдзельнічалі 156 чалавек. Мінск падтрымаў сустаршынства і абранне старшыні Палітрады на Радзе.

За абранне адзінага лідэра дэмсілаў выказаліся 64 дэлегаты, за інстытут сустаршынства - 92. Ідэю абіраць кіраўніцтва на Кангрэсе падтрымалі 72 дэлегаты, на Палітрадзе 83.

Магілёўцы адмовіліся ўдзельнічаць у рэгіянальным “міні-кангрэсе дэмакратычных сілаў”. Адпаведную заяву падпісалі старшыні абласных арганізацый Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама кіраўнік абласнога аргкамітэту па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу.

Сваё рашэнне яны тлумачаць адсутнасцю дакладнай і зразумелай мэты Кангрэсу дэмакратычных сілаў, а таксама празрыстага і справядлівага механізма вылучэння дэлегатаў на гэты форум.

У прыватнасці паведамляецца, што з 67 дэлегатаў на кангрэс, вылучаных ад Магілёўскай вобласці, цэнтральная камісія прызнала паўнамоцтвы толькі 22. Без прадстаўнікоў Партыі БНФ, БСДП (Г) і аргкамітэту ПСП міні-кангрэс не адбудзецца, бо не будзе кворуму.

Кангрэс дэмакратычных сілаў плануецца правесці 26-27 траўня. Яму папярэднічаюць сем рэгіянальных канферэнцыяў. Іх дэлегаты галасуюць за тое, абіраць старшыню ці сустаршыняў аб’яднаных дэмакратычных сілаў, вырашаюць, дзе абіраецца кіраўніцтва (на Кангрэсе ці Палітрадзе), якім чынам ствараецца Палітрады і яе прэзідыум, а таксама, хто вызначае функцыі і паўнамоцтвы прэзідыуму.

Паводле Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)

‹‹ на галоўную | у архіў