Сакрат Яновіч – агент спецслужбаў Польскай народнай рэспублікі

Вядомы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, літаратар Сакрат Яновіч, у люстрацыйнай анкеце прызнаўся, што ў 1958-1970 гадах ён быў свядомым супрацоўнікам камуністычнай службы бяспекі пад псеўданімам “Кастусь”.

Яновіч назіраў за асяродкам тыднёвіка “Ніва”, а таксама Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.

Паводле словаў самога Яновіча, усё жыццё ён намагаўся рабіць усё магчымае, каб СБ ад яго “адчапілася”. У 1958 годзе падчас стварэння Беларускага таварыства, “Нівы” і беларускай школы да яго завіталі людзі і папрасілі дапамагчы, бо “тым інстытутам пагражае ўплыў амерыканскіх шпіёнаў і варожых людзей”.

Літаратар адзначае: “Мне гэта стала перашкаджаць у сярэдзіне шасцідзесятых. Я зразумеў тады, што размова не ідзе пра ахову беларускіх структураў”. Дапамог яму, па ягоных словах, Аляксандр О., які данёс на Яновіча як на беларускага нацыяналіста. А ад 70-га года стаўся ворагам улады.

Сакрат Яновіч сцвярджае, што не браў грошаў ад спецслужбаў, “часам некалькі злотых на гарэлку”.

“Я нікому не зрабіў ніякай шкоды, але дрэнна тое, што я паддаўся,” – кажа Сакрат Яновіч. Ён адзначае, што не пісаў такіх характарыстык, каб камусьці зашкодзіць.

С. Яновіч лічыць, што ягонае прызнанне не зашкодзіць яму ў стасунках з беларускай меншасцю ў Беларусі, у тым ліку, адзначае, што і маладое пакаленне яго таксама зразумее.

Сакрат Яновіч нарадзіўся ў 1936 годзе. Празаік, эсэіст, адзін з вядомых асобаў беларускай меншасці ў Польшчы. Жыве ў Крынках на Беласточчыне.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (http://www.polskieradio.pl/zagranica/by/) і http://miasta.gazeta.pl/bialystok/

‹‹ на галоўную | у архіў