Беларускія дзеці будуць аздараўляцца ў Італіі пад пільнейшым кантролем
Сёння ў Мінску падпісалі міжурадавую дамову “Аб умовах аздараўлення на аснове бязвыплатнай дапамогі непаўналетніх грамадзянаў Беларусі на тэрыторыі Італіі”. Дамову падпісалі міністр адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў і генеральны дырэктар Міністэрства замежных справаў Італіі ў пытаннях італьянцаў за мяжой і міграцыйнай палітыцы Адрыяна Бэнэдэці.
Міністар адукацыі Беларусі падкрэсліў, што цяпер дзеці, якія выязджаюць на аздараўленне ў Італію, набудуць там “афіцыйны статус грамадзяніна Беларусі”. Раней жа ў іх быў у Італіі статус “безнаглядных”.
Паводле словаў намесніцы міністра адукацыі Таццяны Кавалёвай, дамова дакладна вызначыла абавязкі абодвух бакоў, адказнасць італьянскіх дабрачынных асацыяцыяў і сем’яў за парушэнне дамовы. Гэтак зрабілі, каб статус дзіцяці за мяжой не трактаваўся суб’ектыўна, падкрэслівае Тацяна Кавалёва:
“Любыя пытанні, звязаныя з беларускім дзіцем, павінны разглядацца пры абавязковай прысутнасці і пасярэдніцтве беларускага боку. Раней былі факты, калі нават пытанні з лячэннем дзіцяці вырашаліся нават без паведамлення ня толькі амбасадзе, але і суправаджальнай асобе.
Але гэта не азначае, што дадзеная дамова звальвае на італьянскі бок дадатковыя абавязанні. Шэраг абавязкаў прапісаны і для беларускага боку: своечасовае афармленне дакументаў, кантроль за падборам суправаджальных асобаў, патрабаванні да гэтых асобаў”.
Штогод на аздараўленне ў Італію выязджаюць 25 тысяч беларускіх дзяцей. Цягам апошніх дваццаці гадоў у Італіі пабывала больш за 200 тысяч дзетак.
Летась, пасля выпадку з Вікай Мароз, якую хацела ўдачарыць італьянская сям’я Джута – Барначын, узніклі праблемы з выездам беларускіх дзетак у гэтую краіну.
Міхаіл Казлоўскі, кіраўнік Беларускага дабрачыннага аб’яднання “У будучыню з надзеяй”, якое штогод накіроўвае каля пяцісот дзяцей на аздараўленне ў Італію, кажа: “Галоўны вынік падпісання гэтага пагаднення ў тым, што праграма аздараўлення дзяцей у Італіі адновіцца. А тое, што змены ў статусе дзіцяці будуць, я думаю, гэта да лепшага. Бо італьянскія законы крыху адрозніваюцца ад законаў іншых еўрапейскіх краінаў, і часцяком сем’і, у якіх дзеці адпачывалі, затрымлівалі дзетак. Магчыма, не будзе больш такіх выпадкаў”.
Тацяна Кавалёва паведаміла таксама, што беларускі бок будзе ініцыяваць падпісанне двухбаковых дамоваў і з іншымі краінамі, куды выязджаюць аздаравіцца беларускія дзеці.
Паводле Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)
|