“Маладой грамадзе” адмоўлена ў рэгістрацыі

Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць маладзёвае грамадскае аб’яднанне “Маладыя сацыял-дэмакраты – “Маладая Грамада”. У адмове адзначана, што статут грамадскага аб’яднання не адпавядае патрабаванням дзевятага артыкулу закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях”.

Па дадзеных Міністэрства юстыцыі ў прадстаўленым статуце маладзёвага аб’яднання адсутнічае норма, якая прадугледжвае перыядычнасць склікання кантрольна-рэвізійнага органа і органаў арганізацыйных структур арганізацыі. Акрамя таго, як паведамляе Міністэрства юстыцыі, ініцыятары стварэння парушылі артыкул 13 закона “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і не прадставілі спіс сяброў кантрольна-рэвізійнага органа.

Каментаваць далейшыя планы ініцыятары стварэння маладзёвага аб’яднання пакуль адмаўляюцца.

Некалькі дзён таму ў Мінску прайшла ўстаноўчая канферэнцыя яшчэ аднаго грамадскага аб’яднання – “Малады фронт”. На ёй быў прыняты статут, у якім гаворыцца, што галоўная мэта “Маладога фронту” – садзейнічанне аб’яднанню і выхаванню моладзі на глебе беларускай нацыянальнай ідэі і хрысціянскіх прынцыпаў, а таксама пабудова грамадзянскай супольнасці на прынцыпах дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Заснавальнікі “Маладога фронту” таксама плануюць зарэгістравацца.

Паводле www .telegraf .by і БелаПАН

‹‹ на галоўную | у архіў