Створаная ініцыятыва “Беларуская нацыянальная памяць”
Варшаўскія беларусы ўшанавалі памяць забітага 67 гадоў таму ў Варшаве генерала Станіслава Булак-Балаховіча. У часе акцыі было абвешчана аб стварэнні ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”.
Каля дзесятка беларусаў, пераважна студэнтаў, якія жывуць у Варшаве, прыйшлі са знічамі і бел-чырвона-белымі сцягамі да будынку на вуліцы Французскай, дзе ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар Булак-Балаховіча – недалёка ад гэтага месца генерал быў забіты.
“Безумоўна, гэта герой, бо ён змагаўся ня толькі на словах, але і на справе,” – кажа беларускі студэнт Аўген.
Адмыслова да гэтай даты ў інтэрнэце створаная інтэрактыўная мапа, на якой пазначаныя месцы, з якімі быў звязаны Станіслаў Булак-Балаховіч. Яе можна знайсці па адрасе:
http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&msa=0&msid=116216426054000346094.00000112715dcea949305
Між тым беларускія студэнты-каліноўцы аб’явілі пра стварэнне ініцыятывы “Беларуская нацыянальная памяць”, у межах якой плануецца, сярод іншага, ушаноўваць памяць нацыянальных герояў, знаходзіць і даглядаць іхныя магілы.
“Калі няма памяці, няма і будучыні. Не павінна перарывацца сувязь пакаленняў. Трэба заўсёды памятаць пра герояў і сваё мінулае,” – сказаў нашаму радыё студэнт-каліновец Яўген.
Паводла Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)
|