Кангрэс Беларуска-амерыканскага задзіночання

26 траўня адбудзецца Кангрэс Беларуска-амерыканскага задзіночання. На кангрэсе пройдуць выбары новай Галоўнай Управы, а таксама будзе зацверджана праграма працы БАЗА на бліжэйшыя два гады.

У апублікаванай на сайце zbma.net праграме будучай плануемай дзейнасці БАЗА Вячка Станкевіч адзначае: “Беларуска-амерыканскае задзіночанне – найбольшая беларуская арганізацыя ў ЗША, якая існуе амаль 60 гадоў. За той час яе сябрамі было зроблена шмат на карысць беларушчыны. Былі заснаваныя аддзелы ў шматлікіх гарадох Амерыкі, пад шыльдай БАЗА аднавіла дзейнасць арганізацыя моладзі, раней былі спартовыя клюбы, выдатныя хоры і танцавальныя гурткі, ставіліся п’есы, быў актыўны ўдзел у міжнародных фестывалях. Да гэтай пары выдаецца газета “Беларус” і англамоўны часопіс “Belarusian Review”. БАЗА ўвесь час змагалася за незалежнасць і свабоду Беларусі, выступаючы ў розных дзяржаўных установах, ладзячы палітычныя дэманстрацыі і пратэсты”.

Па словах В. Станкевіча, надыходзіць час аднаўлення дзейнасці БАЗА па цэлай Амерыцы, карыстаючыся патэнцыялам і энергіяй новых сяброў і дасведчаннем старэйшых.

Сярод плануемай палітычнай і арганізацыйнай дзейнасці: праца ў існуючых аддзелах і стварэнне новых, зацікаўленне моладзі ў працы БАЗА, а таксама аказваць уплыў на амерыканскія дзяржаўныя ўстановы на карысць Беларусі і інш. Сярод культурна-асветніцкай дзейнасці: дапамога ў заснаванні гурткоў мастацкай самадзейнасці з удзелам моладзі, падрыхтоўка праграм і матэрыялаў для суботніх школ для дзяцей і курсаў для дарослых і інш. Таксама БАЗА будзе працягваць займацца стварэннем умоваў для дапамогі новым беларускім эмігрантам, а таксама створыць праграму спатканняў з суродзічамі, што таксама паможа ў пашырэнні колькасці сяброў БАЗА, інш.

На заканчэнне В. Станкевіч выказвае надзею, што выбраная Галоўная ўправа будзе працаваць прыблізна па гэтай праграме, а праз два гады, на наступным Кангрэсе, яна здасць поўную справаздачу.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў