“Беларус” заканчвае прыём твораў для літаратурнага альманаху

Набліжаецца апошні тэрмін дасылкі твораў беларускіх літаратараў замежжа для друку ў зборніку (альманаху), які будзе выдрукаваны сёлета рэдакцыяй газеты “Беларус”. Просім усіх, хто планаваў даслаць свае творы, даслаць усе матэр’ялы да 31 траўня 2007 году.

Нагадваем яшчэ раз тэматыку і патрабаванні да твораў.

Змясціць свае творы ў зборніку маюць права ўсе аўтары, якія пішуць па-беларуску ў самых розных літаратурных накірунках. Адзінае патрабаванне – аўтары павінны жыць па-за межамі Беларусі.

Ужо падчас збору матэр’ялаў было вырашана зрабіць у зборніку раздзел “Кніга вандраванняў”. Не кожны з нас пісьменнік, здольны напісаць высокамастацкую навелу, але – кожны з нас прыехаў з Беларусі – як эмігрант або як студэнт – у нейкі куточак нашага вялікагa свету. Ваша расповяд – у жанры нарысу ці дзённіка ці нават гумарэскі стаўся б цудоўнаю нагодаю распавесці пра ўласны вопыт засваення новых зямель, падзяліцца ўражаннямі. Гэта будзе як быццам бы засяленне Свету – беларусамі.

Свае творы найлепш дасылаць у рэдакцыю электроннай поштай на адрас: hazetabielarus@att.net У выключных выпадках, калі аўтары не маюць доступу да сусветнага сеціва, творы можна даслаць поштаю запісанымі на СD ці DVD альбо надрукаванымі на паперы на адрас рэдакцыі:

BIELARUS / P. O. Box 3225 / Farmingdale, NY 11735 USA

Тэксты пажадана пісаць тарашкевіцай. Творы напісаныя наркомаўкай, у зборніку будуць надрукаваныя тарашкевіцай.

Кожнаму аўтару пажадана таксама даслаць свой невялікі партрэтны здымак і кароткую аўтабіяграфію і, калі захочуць, дадатковую інфармацыю пра сябе.

Пасля выхаду зборніка ў свет кожны аўтар атрымае адзін асобнік бясплатна. Аўтары пры жаданні таксама будуць мець магчымасць замовіць дадатковую колькасць асобнікаў па сабекошту, які будзе паведамлены ім пазней.

Ганарараў аўтарам рэдакцыя “Беларуса”, на жаль, выплачваць ня можа, бо не з’яўляецца камерцыйным выданнем, а існуе выключна дзякуючы падтрымцы падпісчыкаў і ахвярадаўцаў.

Звяртаемся таксама да нашых чытачоў і прыхільнікаў з заклікам падтрымаць гэты праект сваімі ахвяраваннямі. Ахвярадаўцы атрымаюць асобнік зборніка бясплатна, а іх прозвішчы будуць пададзеныя ў прадмове.

Паводле газеты “Беларус” (www.bielarus.org)

‹‹ на галоўную | у архіў