Беларусы з Польшчы падтрымліваюць Аляксандра Казуліна

У Польшчы працягваюцца акцыі ў падтрымку Аляксандра Казуліна – беларусы, якія жывуць у Варшаве накіравалі зварот у Вярхоўны суд Беларусі, у якім патрабуюць перагляду выраку ў справе экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта.

У звароце, які быў дасланы у Мінск поштай, гаворыцца, што вырак у справе Аляксандра Казуліна “палітычна матываваны” і з’яўляецца “пераследам за ягоны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі”, таму, паводле аўтараў, “перагляд крымінальнай справы супраць Казуліна будзе крокам, які дэманструе добрую волю цяперашніх уладаў”

“Скарга ў вярхоўны суд, іншыя звароты, акцыі, на маю думку, важныя, бо паказваюць грамадству, што ёсць людзі, якім неабыякавая цяперашняя сітуацыя ў Беларусі”, – кажа ініцыятар акцыі Ігар Крыштон.

Ягоны калега Адольф Капелька разлічвае на тое, што Аляксандр Казулін ведае пра шматлікія акцыі ў ягоную падтрымку і гэта дадае яму сілаў. Ён адзначыў: “Хтосьці павінен яму данесці, што ёсць людзі, якія думаюць пра яго”

Цягам апошніх месяцаў у Польшчы адбылося некалькі буйных акцыяў з патрабаваннем вызваліць Адляксандра Казуліна, сярод іншага збор подпісаў у гэтай справе ў інтэрнэце, звароты да пасольстваў краінаў Еўрасаюзу.

Паводле Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)

‹‹ на галоўную | у архіў