Рэдактар сайту nn.by уганараваны прэміяй імя Лорэнца Наталі

Андрэй Дынько стаў лаўрэатам прэміі імя Лорэнца Наталі за 2006 год. Гэтая прэмія прысуджаецца за найлепшы артыкул. Дынько стаў першым у гісторыі прэміі цэнтральнаеўрапейскім журналістам, уганараваным ёй.

Гэта міжнародная ўзнагарода для пішучых журналістаў з усяго свету. Прэмія прысуджаецца за артыкул, напісаны цягам мінулага году, які чапляе праблемы абароны дэмакратыі і правоў чалавека.

Андрэй Дынько быў намінаваны за акрэсцінскі дзённік. Ён напісаў яго ў сакавіку 2006 году і перадаў на волю. Твор быў апублікаваны ў “Нашай Ніве” яшчэ да таго, як Дынько выйшаў на свабоду. Пад загалоўкам “Тэрапія ахвярнасцю. Ліст з мінскай турмы” яго пераклалі на восем еўрапейскіх моваў. Ён быў апублікаваны у такіх значных выданнях, як “Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг”, “Рэспэкт”, eurozine.com.

Сёлета на прэмію імя Наталі прэтэндавалі 1529 пісьменнікаў і журналістаў з 165 краінаў з усіх кантынентаў.

Адбор адбываўся ў тры этапы. На першым усе прадстаўленыя на конкурс творы чытаюць студэнты. Гэтым разам гэтым займаліся навучэнцы Вышэйшай школы журналістыкі з Бэрліна. Студэнцкае журы адбірае 50 наймацнейшых матэрыялаў. Пасля гэтага за справу бярэцца журы, складзенае напалову з журналістаў з пяці кантынентаў, а напалову з прафесараў журналістыкі і праваабаронцаў. Яго ганаровай старшынёю была сёлета Фэмі Оке, вядучая афрыканскай праграмы каналу Сі-Эн-Эн.

Журы выбірае 15 пераможцаў з пяцідзесяці, па тры ад кожнага кантыненту, акрамя Паўночнай Амерыкі. У асобны “мацярык” вылучаны арабскі свет. Цырымонія ўзнагароджання адбываецца ў прэс-цэнтры Еўракамісіі ў Бруселі, у рамках святкавання Дня свабоды прэсы.

Гран-пры атрымала Лі Сю Інг з англамоўнай газеты Ганконгу за рэпартаж пра бунт супраць карумпаванага старшыні сельсавету ў вёсачцы на поўдні Кітаю. Першая прэмія ў еўрапейскім рэгіёне адышла журналісту з Шатландыі. Ён зрабіў рэпартаж пра ўмовы працы будаўнікоў у Дубаі. Другая – Андрэю Дыньку. Трэцяя – рэпарцёру “Шпігелю”. Ён тайна перайшоў мексіканска-амерыканскую мяжу разам з нелегальнымі мігрантамі.

“Ёсць іронія ў тым, што я сядзеў на Акрэсціна ў корпусе, збудаваным на грошы еўрасаюзаўскай праграмы ТАСІС. А цяпер за рэпартаж пра гэта атрымліваю еўрасаюзаўскую прэмію, – казаў на цырымоніі Андрэй Дынько. –Быў холад у камерах, тлум. Дзевяць чалавек на пяць нараў. Удзень гамарня, дым. Не было як засяродзіцца. Таму пісаў уначы. І вось – людзі адчулі тое, што перажылі беларусы”.

Гэта чацвёртая міжнародная прэмія Дыньку. “Па-свойму найдаражэйшая, бо адзначае не за маю працу як рэдактара, а за канкрэтны твор”, – кажа ён.

Паводле “Нашай Нівы” ( www. nn. by)

‹‹ на галоўную | у архіў