10 год дзейнасці “Беларусі”
Дзесяцігоддзе дзейнасці адзначыла Нацыянальна-культурная аўтаномія Рэспублікі Комі “Беларусь”. Сваімі уражаннямі падзяліўся бяззменны кіраўнік аўтаноміі Аркадзь Крупенька.
“На святкаванне сабраліся 780 чалавек. Распачалося ўсё з афіцыйнай частцы, на якой выступілі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі ўкраінскай аўтаноміі, нямецкай і інш.. Усе яны вельмі станоўча ацанілі нашу работу.
Мы ж падрабязна не аналізавалі работу, але ж абазначылі яе асноўныя напрамкі, назвалі лепшых людзей. У завяршэнні прамовы адзначылі: “Мы не хочам спыняцца на дасягнутым, зробім нашу працу яшчэ больш разнастайнай”.
На сцэну запрасілі і актывістаў нашай аўтаноміі. Яны ўсе былі ўзнагароджаныя ганаровымі граматамі за плённую працу.
Афіцыйная частка працягнулася больш чым дзве гадзіны. Пасля яе заканчэння распачаўся канцэрт. Ён быў цалкам падрыхтаваны сіламі нашай аўтаноміі”.
Сп. Аркадзь Крупенька падвёў таксама невялікія вынікі работы аўтаноміі за 10 год: “Па складзе, разнастайнасці і напрамках працы наша беларуская аўтаномія лічыцца лепшай у Рэспубліцы. Але мы не спыняемся на дасягнутым. Кожны год дадаем да плана нашай работы яшчэ 2-3 пункты.
Так мы, напрыклад, праводзім цыкл сустрэчаў “Як мы ведаем сваю Беларусь”, правялі сустрэчу на тэму “Беларуская сям’я на Поўначы”, у лютым адбылася сустрэча “Успаміны пра вайну”, правялі вечар беларускага касцюма. Таксама адзначаем усе беларускія святы, не забываем і пра юбілеі актывістаў.
На жаль, колькасць беларусаў у Комі зніжаецца, і гэта паказваюць і перапісы: калі ў 1989 годзе па перапісу беларусаў было 27 000, то па апошняму перапісу 15000. Прычынай таму і змена пакаленняў: нарадзіліся ўжо дзеці і ўнукі, якія Беларусі не ведаюць. Акрамя таго, старэйшае пакаленне выходзіць на пенсію і пераязджае ў сярэднюю паласу ў Бранск, Смаленск. А ёсць і тыя, хто пераязджае і ў саму Беларусь. А прытока сюды беларусаў няма. Раней ехалі за “доўгім” рублём, а зараз абстаноўка змянілася”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|