ЕГУ аб’явіў аб пачатку прыёму ў магістратуру
Еўрапейскі гуманітарны універсітэт аб’явіў аб пачатку набору студэнтаў на сем праграм магістэрскай падрыхтоўкі.
Як паведаміла спецыяліст аддзела грамадскіх і замежных сувязей ЕГУ Кацярына Радзько, у 2007 годзе універсітэт прымае студэнтаў на наступныя магістэрскія праграмы: “Сацыяльная тэорыя і палітычная філасофія”, “Культурныя даследаванні”, “Міжнароднае права і еўрапейскае права”, “Еўрапейскія даследаванні”, “Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць”, “Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны” і “Параўнальная гісторыя краін Паўночнай і Усходняй Еўропы”. Тэрмін навучання ў магістратуры — два гады.
Форма навучання — вочная, прадугледжвае чатыры ці пяць двухтыднёвых сесій у навучальным годзе ў Літве і работу ў фармаце дыстанцыйнага навучання ў перыяды паміж сесіямі.
Навучанне грамадзян і пастаянных рэзідэнтаў Беларусі на ўсіх магістэрскіх праграмах ажыццяўляецца за кошт сродкаў грантадаўцаў. На час сесіі універсітэт таксама забяспечвае магістрантаў месцамі ў інтэрнаце, пакрывае расходы на медыцынскае страхаванне і аказвае садзеянне ў атрыманні візы ў Літву.
Адбор слухачоў на магістэрскія праграмы будзе праходзіць па выніках уступных іспытаў (экзамена/тэста і гутаркі), адзнакі за эсэ/даследчы праект, сярэднім бале дыплома аб вышэйшай адукацыі і ацэнках (балах) па профільных для кожнай магістэрскай праграмы дысцыплінах, а таксама ступені валодання замежнай мовай.
У ЕГУ таксама прымаюцца студэнты выпускных курсаў беларускіх ВНУ для нефармальнага навучання ў магістратуры. Атрымаўшы беларускі дыплом аб вышэйшай адукацыі, слухачы магістратуры па праграме нефармальнага навучання могуць быць пераведзены ў статус паўнавартасных студэнтаў і залічаны на другі курс магістэрскіх праграм.
Дакументы суіскальнікаў прымаюцца ў два патокі ў электронным фармаце: у першым патоку — да 30 чэрвеня 2007 года, у другім патоку (на астатнія месцы) — да 5 верасня 2007 года ўключна. Пачатак навучальнага года — 1 кастрычніка 2007 года.
Нагадаем, пасля закрыцця ў Мінску ў 2004 годзе ЕГУ аднавіў сваю дзейнасць у Вільнюсе і ў лютым 2006 года атрымаў афіцыйны статус літоўскага ВНУ.
Паводле БелаПАН і “Нашай нівы” ( www. nn. by)
|