У Варшаве пачынаецца Тыдзень беларускай культуры і мастацтва

Сёння ў Варшаве пачнецца Тыдзень беларускай культуры і мастацтва. У рамках Тыдня жыхары польскай сталіцы пазнаёмяцца з незалежнай беларускай культурай: музыкай, літаратурай, кіно. Адметна, што ўсе мерапрыемствы ладзяцца такім чынам, каб у іх маглі ўзяць удзел і гледачы.

Тыдзень беларускай культуры “Minsk Mixt” пачнецца ўнікальным канцэртам, у часе якога “дыназаўры” беларускай рок-музыкі Ігар Варшакевіч, Сяржук Трухановіч, Піт Паўлаў, выканаюць акустычныя версіі культавых кампазіцыяў беларускага року.

“Глядач у залі будзе мець магчымасць кантактаваць з музыкамі, што немагчыма ў часе звычайнага канцэрту. Можна будзе запытацца, паслухаць расповед, напрыклад, пра стварэнне той або іншай песні”, – кажа Уладзя Міхневіч, кіраўнік польскага фонда “Беларуская ініцыятыва” – галоўнага арганізатара мерапрыемстваў.

У рамках Тыдня беларускай культуры будзе яшчэ адно ўнікальнае спатканне – дудароў з Польшчы і Беларусі. Працягвае спадар Міхневіч: “Калісьці без дудаў не абыходзілася ніводнае вяселле, хаўтуры ці сяброўская вечарына, гэты інструмент быў інтэгральнай часткай беларускай музычнай культуры. Мы запрасілі дудароў з Польшчы і з Беларусі, каб яны паглядзелі, параўналі свае інструменты, магчыма пачалі супрацоўнічаць”.

Частка мерапрыемстваў Тыдня беларускай культуры адбудзецца ў варшаўскай галерэі “Зоя”, якая выступае ў якасці суарганізатара імпрэзы.

“Мы любім і займаемся тэмамі, звязанымі з Беларуссю, таму вырашылі далучыцца. Ці спадабаюцца імпрэзы жыхарам сталіцы? Не ведаю, хай спачатку пабачаць і самі ацэняць”, – кажа ўладальнік галерэі Дарэк Жукоўскі.

Адметна, што галоўным спонсарам Тыдня беларускай культуры ў Варшаве выступіла амбасада каралеўства Нідэрландаў.

Урачыстае адкрыццё Тыдня беларускай культуры і беларускі канцэрт: чацвер, 12 красавіка, 18.00, клуб “Harenda”, ul. Krakowskie Przedmiecie, 4/6.

Паводле Радыё “Свабода” ( www. svaboda. org)

‹‹ на галоўную | у архіў