У Новасібірску адбыўся беларускі фестываль-конкурс дзіцячай творчасці

У Новасібірску прайшоў беларускі фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Ад Палесся да Сібіры нясіце буслы вясну!”. Арганізатарамі выступілі дэпартамент культуры і абласны Новасібірскі цэнтр беларускай культуры.

Як адзначылі арганізатары, на гэты раз яны зрабілі стаўку на моладзь, бо менавіта ёй патрэбна вывучаць і развіваць традыцыі свайго народу. Па іх меркаваннях самая галоўная стратэгічная задача фестывалю – абуджэнне ў маладога пакалення цікавасці да сваіх каранёў.

Вядучыя на адкрыцці свята звярнуліся да ўдзельнікаў: “Назва фестывалю не выпадковая, таму што буслы нясуць дабрыню, шчасце і мір на зямлі. І вы, дзеці, нашыя буслы. Сёння вы зляцеліся, каб падзяліцца сваімі здольнасцямі спяваць, танчыць, пасябраваць адзін з адным. А прылёт бусла – гэта прыход вясны, абуджэнне ўсяго жывога ў прыродзе”.

Усяго дзетак-удзельнікаў было больш за 200 чалавек, яны прыехалі на фестываль з дванаццаці раёнаў Новасібірскай вобласці. Узрост быў таксама розны: ад першакласнікаў да тых, хто заканчвае школу.

Зала і фае былі ўпрыгожаныя выявамі буслоў – птушак сімвалаў Беларусі. А ўсе ўдзельнікі былі апрануты ў касцюмы, расшытыя рускім ці беларускім арнаментамі.

Адборачныя туры спачатку прайшлі ў раёнах вобласці, а ў Новасібірск прыехалі самыя лепшыя. Але і тут на апошнім этапе, ужо сярод лепшых, натуральна, што была свая канкурэнцыя.

Спачатку выступілі танцоры, потым спевакі, вакальныя ансамблі, гучалі народныя песні, а таксама і беларускіх кампазітараў. І трэба было бачыць вочы гледачоў, асабліва людзей старэйшага пакалення, якія былі сапраўды ўдзячныя юным артыстам за магчымасць узгадаць і хаця б у думках пабыць на далёкай Радзіме.

Гледачы прабачалі артыстам памылкі ў мове. Разумелі, што немагчыма чакаць, ад дзяцей, якія нарадзіліся ў Сібіры, выдатнага валодання мовай продкаў.

На недахоп рэпертуарных зборнікаў скардзіліся кіраўнікі самадзейных калектываў з сельскіх раёнаў. І гэта яшчэ адзін галаўны боль дырэктара Цэнтра беларускай культуры Ніны Кабанавай. Дзякуючы ініцыятыве цэнтра, сетка філіялаў у вобласці пашыраецца. Дапамогу ў забеспячэнні беларускай дыяспары ў Расіі метадычнай літаратурай аказвае Міністэрства культуры Беларусі і інш. рэспубліканскія інстанцыі, а ў Новасібірску яшчэ і бібліятэка нацыянальных літаратур. Але гэтага недастаткова.

А дзецям, якія дазналіся пра свае карані, хочацца даведацца болей, пабываць на гістарычнай радзіме. Летам мінулага году Цэнтру беларускай культуры для ансамбля “Крынічка” удалося арганізаваць паездку ў Беларусь. Магчыма праз нейкі час можна будзе павіншаваць і другія калектывы, тым больш, што яны гэта заслужылі. Напрыклад, вакальны ансамбль “Вясёлка” ЦДТ “Содружество” з кіраўніком Людмілай Кашчэевай; ці танцавальны ансамбль “Надежда” з Калывані (кіраўнік Аляксандр Шульц). Менавіта яны атрымалі Гран-пры фестывалю.

У дадатак да ўзнагародаў усім прызёрам было абяцана запрасіць з Беларусі спецыялістаў па песеннай і харэаграфічнай народнай творчасці з арганізацыяй майстра-класаў. Гэта рэальная задача цэнтра, але патрэбныя сродкі і іншая дапамога.

Калі бачыш юных артыстаў на сцэне, разумееш, што нацыянальнае, сваё ўсё ж мацней. Такая ўпэўненасці нараджаецца ў людзях на кожным такім свяце, а значыцца, такія фестывалі патрэбныя.

Людміла Бяляўская

‹‹ на галоўную | у архіў