Канстытуцыйны суд Украіны пачаў разгляд прэзідэнцкага ўказу аб роспуску парламента
Канстытуцыйны суд адкрыў вытворчасць па патрабаванні дэпутатаў Вярхоўнай Рады аб разглядзе ўказу прэзідэнта на прадмет канстытуцыйнасці. Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў, што разгляд дадзенай справы нельга адкладаць. Як паведамляе прэс-служба Канстытуцыйнага суду Украіны, разгляд справы будзе праведзены ў форме вусных слуханняў.
Пятага красавіка прэм'ер-міністр Украіны Віктар Януковіч заявіў, што без рашэння Канстытуцыйнага суду датэрміновыя парламенцкія выбары ў краіне прайсці не змогуць.
"Магчыма, калі Канстытуцыйны суд прызнае гэты ўказ (аб роспуску парламента) правамерным, магчымы разгляд гэтага пытання ў Цэнтрвыбаркаме, і пасля Цэнтрвыбаркама, калі будуць зробленыя разлікі адносна тэрмінаў, толькі тады можна вырашаць, калі праводзіць выбары", - заявіў прэм'ер-міністр.
У сваю чаргу, лідэр апазіцыйнага блока БЮЦ Юлія Цімашэнка лічыць, што перадвыбарная кампанія на Украіне ўжо пачалася.
"Тое, што зараз Канстытуцыйны суд разглядае ўказ, яго дзеянне не прыпыняе. Яго трэба выконваць. Выбарчая кампанія пачалася. ЦВК працуе на поўную магутнасць. Заўтра (шостага красавіка) апошні дзень рэгістрацыі чальцоў акруговых выбарчых камісій", - заявіла Юлія Цімашэнка.
Указ аб датэрміновым роспуску парламента і правядзенні датэрміновых парламенцкіх выбараў Віктар Юшчанка падпісаў другога красавіка. Пятага красавіка прэзідэнт Украіны даручыў адказным службовым асобам забяспечыць фінансаванне парламенцкіх выбараў. Між тым, прэм'ер-міністр Віктар Януковіч лічыць, што правесці парламенцкія выбары 27 траўня немагчыма.
telegraf.by
|