Карэспандэнтка Радыё “Свабода” загінула ў Багдадзе
Радыё- і тэлежурналістка Хамайль Халяф працавала для іракскай службы радыё “Свабода” – радыё “Свабодны Ірак”. Яна рабіла рэпартажы і перадавала інфармацыю для радыё “Свабодны Ірак” ад 2004 годм.
Сёння раніцай яе цела было знойдзенае ў сталіцы Іраку Багдадзе. На працягу двух апошніх дзён Хамайль Халяф лічылася зніклай: былі падставы меркаваць, што журналістка забраная ў закладнікі.
Прэзідэнт радыё “Свабода” Джэф Гедмін сказаў сёння – пасля таго як прыйшла вестка пра смерць Хамайль Халяф:
“Яна была таленавітай журналісткай з досведам тэлевізійнай працы. Яна рызыкавала сваім жыццём, каб паведаміць навіны, каб данесці інфармацыю да людзей Іраку. І я ведаю, што гэта датычыць усіх нас на радыё “Свабода” і многіх нашых калегаў ува ўсім свеце, – нашыя думкі і малітвы цяпер з Хамайль Халяф і яе сям’ёю”.
У Хамайль Халяф засталіся трое дзяцей.
На цяперашні момант працягваецца пошук інфармацыі пра абставіны смерці карэспандэнткі радыё “Свабодны Ірак”.
Хамайль Халяф будзе пахаваная на радзіме, і ў Празе таксама адбудзецца жалобная цырымонія.
Паўгода таму загінула яшчэ адна карэспандэнтка радыё “Свабода” – Агулсапар Мурадава з Туркменістану. 58-гадовая журналістка і праваабаронца была арыштаваная туркменскімі ўладамі 18 чэрвеня 2006 года, а 14 верасня супрацоўнікі нацыянальнай бяспекі паведамілі дзецям Мурадавай пра яе смерць. Калі сваякі разам з замежным дыпламатам дамагліся дазволу пабачыць цела Агулсапар Мурадавай, яны паведамілі, што бачылі ў нябожчыцы вялікую рану на лбе і гузы на шыі. Туркменскія і замежныя праваабаронцы заявілі, што гэта было палітычнае забойства журналісткі радыё “Свабода”.
www.svaboda.org
|