Янку Запрудніку – 80 гадоў:
“зямля продкаў заўсёды кліча нас,
і трэба быць ёй вернымі”

Янка Запруднік (да 1946 г. Сяргей Вільчыцкі) – вядомы грамадска-палітычны дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык, палітолаг, літаратар – адзначыў паважаны юбілей. Толькі няпоўныя ягоныя 18 гадоў прайшлі на Бацькаўшчыне, а затым давялося жыць у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Бельгіі, ЗША. У Злучаных Штатах Амерыкі ён і цяпер займаецца навуковай працай. Аглядаючы немалы пройдзены шлях, варта адзначыць, што менавіта з Бацькаўшчынай звязаны ягоныя надзеі, спадзяванні, трывогі, Радзіме скіравана яго разнастайная дзейнасць. Пражыўшы шмат гадоў у эміграцыі, Янка Запруднік у сваёй мемуарна-дакументальнай кнізе “Дванаццатка” (Нью-Йорк, 2002) зрабіў пранікнёнае, выпакутаванае прызнанне аб лучнасці з роднай зямлёй, Бацькаўшчынай: “Пакідаючы гэты маленькі свой сьвет, я йшчэ не ўсьведамляў ягонае вялікае сілы – ня думаў, якімі трывушчымі ў памяці акажуцца ягоныя адбіткі, якім салодкім рэхам ён будзе адгукацца на дарогах чужыны, якім лекам ён станецца для хворае душы ў цяжкія часіны ростані, ды ў якую шчодрую крыніцу ён абернецца для новых пачуцьцяў, перакананьняў, намераў і зьдзяйсьненьняў” (с.21)

Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 г. у мястэчку Мір на Карэліччыне, калі гэтая частка Беларусі была пад уладай Польшчы. Бацькі Вера і Мікалай Вільчыцкія – настаўнікі па адукацыі, гаспадарылі на зямлі. Юнацкія гады прыйшліся на часы кардынальных зменаў, хутчэй нават пакручастых зломаў у жыцці беларусаў, што ў многім вызначылі далейшы лёс Сяргея Вільчыцкага. Пасля нападу Нямеччыны на Польшчу, да БССР у верасні 1939 г. была далучана Заходняя Беларусь і тут усталявалася бальшавіцкая ўлада амаль на 2 гады. А ў чэрвені 1941 г. пачалася вайна Нямеччыны і СССР і тэрыторыя Беларусі ў кароткі час была захоплена немцамі.

У гады нямецкай акупацыі Сяргей Вільчыцкі закончыў у Міры пачатковую школу (1942 г.), затым у Баранавічах – прагімназію і тры курсы (з чатырох) гандлёвай школы (1943-1944 г.). Набліжэнне савецкай арміі да Баранавіч вымусіла Сяргея Вільчыцкага да нялёгкага роздуму. Ён прадбачыў, што прыналежнасці да Саюза беларускай моладзі, які спрыяў нацыянальнаму выхаванню моладзі ў складаных умовах нямецкай акупацыі, вучобы (партызаны не забаранялі навучання толькі ў пачатковай школе) савецкая ўлада яму не даруе. Сяргей Вільчыцкі добра памятаў і яшчэ аб адной важнай акалічнасці, звязанай з савецкай уладай: ў адпаведнасці са спісамі, складзенымі ў нетрах вядомых органаў, сем’і братоў Вільчыцкіх 20 чэрвеня 1941 г. павінны былі выселіць з Міра ў Сібір, хаця нічога дрэннага гэтай уладзе яны не зрабілі. Хіба што – са сваёй працы заможна жылі. Сям’ю бацькавага брата ўжо трымалі на чыгуначнай станцыі ў Гарадзеі. І толькі з недагляду выканаўцаў сям’ю Сяргея Вільчыцкага не забралі ў той жа дзень. Але тут пачалася вайна, і ўладзе было ўжо не да вывазу. Пачатак прымусовай калектывізацыі ў заходняй частцы БССР, дэпартацыя ў Сібір і на Поўнач дзесяткаў тысяч ейных жыхароў, атэістычны ўціск, недавер да мясцовых кадраў зламалі лёсы многіх людзей, а іншых напрыканцы вайны падштурхнулі да эміграцыі. Вымушаны быў падацца ў Нямеччыну і Сяргей Вільчыцкі, запісаўшыся ў дапаможную службу нямецкай авіяцыі (Luftwaffehelfer). У кнізе “Дванаццатка” (с. 23) ён піша, што група беларускіх юнакоў займалася вайсковай падрыхтоўкай і фізічнай працай. За месяц да капітуляцыі Нямеччыны быў пераведзены ў дывізію “Беларусь” (пад камандаваннем Францішка Кушаля), якая напрыканцы красавіка 1945 г. перайшла ў Баварыі да амерыканцаў. Да траўня 1946 г. знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных у амерыканскай зоне акупацыі. Ад рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз уратавала тое, што ў адпаведнасці з дамовай паміж СССР і заходнімі саюзнікамі прымусоваму вяртанню не падлягалі асобы, якія да 17 верасня 1939 г. пражывалі ў Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы і былі ейнымі грамадзянамі.

Нягледзячы на прымусовы характар рэпатрыяцыі, якога Савецкі Саюз дамагаўся ад саюзнікаў і з якім тыя пагаджаліся да 1947 г., сотні тысяч беларусаў апынуліся ў эміграцыі. Многія з іх пасяліліся ў лагерах для перамешчаных асобаў, якія знаходзіліся пад апекай Адміністрацыі ААН для дапамогі і адбудовы. Большасць з іх пакінулі Беларусь перад прыходам савецкага войска: палітычныя ўцекачы, а таксама жыхары (пераважна Заходняй Беларусі), якія баяліся калгасна-саўгаснага ладу, атэістычнага ўціску, увогуле той сістэмы, пра якую нямала зведалі за гады бальшавіцкай улады. Сяргей Вільчыцкі пасля палону прыехаў у беларускі лагер для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу, які ў ліпені 1946 г. быў пераведзены ў Міхэльсдорф. Як былому ваеннапалоннаму атрымаць статус перамешчанай асобы яму было немагчыма. А таму дзеля прапіскі ў беларускім лагеры давялося “згубіць” дакументы, з якімі яго адпусцілі з амерыканскага палону, і ўзяць прозвішча Яна Запрудніка з Вільні, што па нейкай прычыне пакінуў лагер. З гэтага часу Сяргей Вільчыцкі стаў Янкам Запруднікам, захаваўшы гэтае прозвішча на ўсё жыццё.

У беларускім лагеры панавала моцная нацыянальная атмасфера, якая выяўлялася праз станаўленне і ўмацаванне нацыянальнага культурна-грамадскага, рэлігійнага жыцця, палітычнай дзейнасці. Створанае ў лагеры нацыянальнае асяроддзе выхоўвала і замацоўвала ў моладзі нацыянальную свядомасць, спрыяла фарміраванню ейных ідэалаў. Гэтаму садзейнічала і заснаваная ў лагеры Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую Янка Запруднік скончыў у 1947 г. Гісторык з Беласточчыны Ян Максімюк у кнізе пра гэтую навучальную ўстанову назваў яе “кузьняй” нацыянальнага характару маладых беларускіх кадраў, якая “спалучала нацыянальнае ўзгадаванне з высокай агульнаадукацыйнай патрабавальнасцю”. Вучылі на роднай мове і выхоўвалі ў нацыянальным духу высокапрафесійныя настаўнікі, грамадска-культурныя дзеячы – паэты Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Хведар Ілляшэвіч, пісьменніца Іна Рытар, літаратуразнаўца Антон Адамовіч, Аляксандар Орса, Міхась Міцкевіч, Аўген Каханоўскі, Станіслаў Станкевіч і інш.

Знайсці працу ў разбуранай пасляваеннай Нямеччыне было марным спадзяваннем. Таму Янка Запруднік і яшчэ 11 хлопцаў, якія аказаліся ў эміграцыі без бацькоў і вырашылі супольна дабівацца сваіх мэтаў, зацікавіліся наборам працоўных з ліку перамешчаных асобаў, які праводзіла Вялікабрытанія ў заходніх зонах акупацыі Нямеччыны. І студзеньскім днём 1948 г. дванаццатка выправілася ў Вялікабрытанію з надзеяй зарабіць на пражыццё і далейшае навучанне. Раскіданыя па розных шахтах цэнтральнай Англіі, два гады яны сумяшчалі цяжкую і небяспечную работу вуглякопаў з грамадска-культурнай нацыянальнай працай. Пры гэтым дванаццатка акрэсліла ідэалы, мэты і шляхі іх дасягнення ў дамове, якая атрымала назоў “Вератні” (“Гоні”, сакавік 1949 г.). Вызначыўшы сабе мэтай быць авангардам моладзі на эміграцыі, сябры лічылі неабходным быць “прыкладам самаахвярнасьці й адданасьці нацыянальнай справе, першымі ўсюды, дзе патрабуюць гэтага інтарэсы народу”. Яны ставілі мэтай “пашырэньне й паглыбленьне незалежніцкае ідэалогіі між суродзічаў”, “каардынаваньне сілаў моладзі ды скіроўваньне іх на творчы шлях, карысны для нацыянальнае справы”, “падрыхтоўку моладзі да гатовасьці збройнага змаганьня за незалежнасць” (“Дванаццатка”, с. 464-468). У “Вератнях” вызначана і палітычная арыентацыя – поўная падтрымка Рады і Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Пазней Янка Запруднік адзначыў: “Ідэя вольнай Беларусі служыла ім арыентырам, трымала іх разам, давала імпульс да творчай і грамадзкай працы” (“Дванаццатка”, с. 7). Ужо па дарозе ў Вялікабрытанію дванаццатка пачала выдаваць часопіс “Наперад!”. З пятага нумара ён выходзіў як “часапіс беларускае моладзі”, які рэдагавала дванаццатка. Усяго ў 1948-1953 гг. выйшла 26 нумароў часопіса (з іх 23 – у Вялікабрытаніі, 3 – у Бельгіі). Аляксандар Баршчэўскі, беларускі паэт і літаратуразнаўца з Беласточчыны, падкрэсліў, што “часопіс “Наперад!” – цікавы і ў сэнсе літаратурным, і ў сэнсе публіцыстычным, і ў сэнсе самастойнасьці думкі, яе сьпеласьці”. Янка Запруднік меў арганізацыйныя абавязкі па выданню часопіса, а таксама надрукаваў у ім вершы, публіцыстычныя артыкулы, нарысы пад псеўданімамі Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, М.Беластоцкі, Ягор Ліцьвін, Т.Смалянчук, крыптанімамі А.Б., Я.Л. Ягоныя вершы прасякнуты патрыятычным пачуццём да Бацькаўшчыны, заклікам да змагання за ейную незалежнасць. Іхні сэнс добра выказвае такі радок ягонага верша: “Гімн змаганьня – вось песьня на сяньня!”. Пра ягоную паэму “Недажаты загон” вядомы бларускі літаратуразнаўца Антон Адамовіч адазваўся як аб адным з лепшых твораў у эмігранцкай паэзіі таго часу. У публіцыстычным артыкуле “Будучыня й мы” Янка Запруднік разважае пра заданні моладзі ў эміграцыі і робіць высновы аб неабходнасці “усьцерагчыся ... ад дэнацыяналізацыі й матар’ялізацыі”, “быць гатовымі да збройнага змаганьня за незалежнасьць беларускае дзяржавы”, “здабыць як мага найбольш асьветы – гэтае вострае зброі беларускае вызвольнае думкі” (“Дванаццатка”, с. 396-397). Акрамя выдання часопіса дванаццатка наладжвала сувязі з беларускімі асяродкамі і раскіданымі па свеце суродзічамі, далучылася да працы Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Па хадайніцтву лідэраў беларускай супольнасці, якія разумелі неабходнасць адукаванай нацыянальна-свядомай моладзі, Ватыкан прызначыў стыпендыі для беларусаў-эмігрантаў. У сувязі з гэтым у 1950-1954 гг. Янка Запруднік набываў вышэйшую адукацыю (у ліку 30-ці маладых беларусаў) на гістарычным факультэце Лювэнскага універсітэту (Бельгія). Гады стараннага навучання ён сумяшчаў з актыўным удзелам у грамадскай, культурна-асветніцкай працы беларускай грамады, што спрыяла пашырэнню ведаў пра Беларусь, прапагандзе нацыянальнай справы. Быў адным з арганізатараў беларускага маладзёвага руху: у 1953-1954 навучальным годзе – старшыня Беларускага студэнцкага згуртавання ў Лювэне, чытаў лекцыі па беларускай літаратуры ў гуртку беларусаведы, быў адным з ініцыятараў аднаўлення часопіса “Наперад!” і ягоным аўтарам. Разам з беларускім студэнцкім хорам пад кіраўніцтвам вядомага кампазітара Міколы Равенскага пабываў на гастролях у Бруселі, Льежы, Боне, Парыжы, Лондане. За гады навучання наведаў Італію, ЗША, Канаду.

Пасля заканчэння універсітэта з адзнакай Янка Запруднік меў шанцы атрымаць стыпендыю для падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі, але прыняў прапанову Амерыканскага камітэта вызвалення ад бальшавізму (ад 1956 – Амерыканскі камітэт вызвалення) і ў верасні 1954 г. пачаў працаваць журналістам беларускай секцыі радыёстанцыі “Вызваленне” ў Мюнхене, у ліку беларускіх замежных навукоўцаў улучыўся ў працу Інстытута вывучэння СССР. Сваё рашэнне ён абгрунтоўваў тым, што “нацыянальная справа патрабавала запоўніць пазіцыі, здабытыя Радай БНР у радыё «Вызваленне» ды Інстытуце вывучэння СССР. У самым гарце халоднае вайны адкрываліся магчымасці прамаўляць беспасрэдна да суродзічаў на Бацькаўшчыне, а таксама даводзіць заходняму свету навуковай працай, што беларуская дзяржаўнасць і нацыянальнае адраджэнне маюць пад сабой рэальны гістарычны і палітычны грунт” (“Дванаццатка”, с.223).

У 1957 г. Янка Запруднік пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Йорку да 1991 г. на той жа радыёстанцыі (ад 1964 г. – “Свабода”). У 1969 г. у Нью-Йоркскім універсітэце абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Йорскага гарадскога універсітэта (1970-1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калумбійскім універсітэце (1994).

Публіцыстыка Янкі Запрудніка – падрыхтаваныя ім тэксты, што прагучалі ў перадачах на БССР (частка іх змешчана ў зборніку “Гаворыць радыё “Вызваленне...” Выбраныя матэрыялы Беларускае Рэдакцыі”, кн. 1, Мюнхен, 1956), а таксама шматлікія артыкулы ў газетах “Бацькаўшчына” (Мюнхен) і “Беларус” (Нью-Йорк) – выкрывала негатыўныя вынікі панавання савецкай таталітарнай сістэмы ў БССР: занядбанне беларускай мовы і нацыянальнай спадчыны, русіфікацыю, заахвочванне нацыянальнага нігілізму, ідэалагічны ўціск дзеячаў культуры, заняпад калгасна-саўгаснай гаспадаркі, ігнараванне нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў ААН і інш.

Навуковая дзейнасць, як і публіцыстыка, цалкам прысвечана гісторыі Беларусі і сучаснаму жыццю беларускага народа. Жывучы ў дэмакратычных краінах, Янка Запруднік скарыстаў магчымасць свабодна выказваць свае погляды на гістарычные развіццё Беларусі, працягнуў традыцыі нацыянальнай гістарыяграфіі. У сваіх публікацыях звяртаўся да кардынальных, складаных пытанняў, якія з прычыны ўціску афіцыйнай савецкай ідэалогіі замоўчваліся або скажаліся ў БССР. Высновы ягоных навуковых даследаванняў адрозніваліся, найперш, ад канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, што існавала ў БССР. У ягоных працах “Савецкія канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” (“Запісы”, 1974, кн. 12) і “Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую пару” (“Запісы”, 1977, кн. 15) аспрэчваецца сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў аб адсутнасці беларускай дзяржаўнасці ў сярэднявеччы і што беларускі народ упершыню прыступіў да стварэння сваёй дзяржавы толькі пры савецкай уладзе. У сваіх публікацыях Янка Запруднік падкрэсліваў, што Першы Усебеларускі з’езд – важная вяха дзяржаўнага будаўніцтва, разглядаў абвяшчэнне БНР як акт аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, паказваў уплыў беларускага нацыянальнага руху на ўтварэнне БССР, якая ўзнікла ў процівагу БНР. Апублікаваў у доказ гэтага дакументы і матэрыялы З’езда (“Запісы”, 1963, кн. 2; 1964, кн. 3; 1964, кн. 4) і разам з Томасам Бэрдам – Устаўныя граматы БНР (“Запісы”, 1975, кн. 13).

У шэрагу артыкулаў “Беларускага зборніка” (1956, кн. 4; 1957 кн. 8; 1958, кн. 9; 1959, кн. 10), “Belorussian Review” (1956, no. 3; 1957, no. 4-5; 1958, no. 6; 1957, no. 7) і іншых публікацыях зроблена выснова аб “чужым” паходжанні бальшавізму на Беларусі, завяршэнні канфлікту 1920-х гадоў “паміж беларускімі нацыянал-камуністамі і расейскімі бальшавікамі” масавымі неабгрунтаванымі рэпрэсіямі ў 1930-я гады, ператварэнні КПБ у правінцыяльную арганізацыю КПСС. Аргументавана крытыкуецца нацыянальная палітыка КПСС і КПБ, ігнараванне нацыянальных беларускіх інтарэсаў, фармальнасць суверэнітэту БССР ва ўсіх сферах, абсалютная залежнасць ад партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва СССР. Стан БССР пасля заканчэння хрушчоўскай “адлігі” і наступіўшага перыяду брэжнеўскага “застою” ў СССР прааналізаваны ў раздзеле кнігі “Nationalism in the USSR, Eastern Europe in the Era of Brezhnev-Kosygin” (Detroit, 1977), а праявы іншадумства ў Беларусі – у артыкуле, змешчаным ў мюнхенскім украінскім часопісе “Сучасність” (1978, ч. 7-8).

Грунтоўныя публікацыі “Беларусь і беларусы”, змешчаныя ў кнігах “Attitudes of Major Soviet Nationalities. Vol. I: The Slavs: Russia, the Ukraine, Belorussia” (Cambridge, 1973) і “Handbook of Major Soviet nationalities (New York, 1975) далі англамоўнаму чытачу сістэматызаваны агляд гісторыі беларускага народа, асноўных этапаў развіцця беларускай дзяржаўнасці.

Важнай тэмай даследаванняў Янкі Запрудніка стала фарміраванне і развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Праявы нацыянальнага адраджэння ў ХХ ст. раскрываюцца ў артыкуле, змешчаным ў кнізе “Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography” (New York, 1988) пад рэдакцыяй Зоры і Вітаўта Кіпеляў, публікацыях, прысвечаных значэнню газэты “Наша Ніва” (“Запісы”, 1966 кн. 4), Слуцкаму паўстанню 1920 г. У кнізе “Спадчына бацькоў: Агледзіны (Да 100-годзьдзя ад нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа” (Нью-Ёрк, 1982), а таксама публіцыстычных артыкулах утрымліваецца адрозны ад савецкага погляд на творчасць і жыццё знакамітых беларускіх пісьменнікаў і нацыянальных дзеячаў, іхняй ролі ў абуджэнні нацыянальнай свядомасці, “супраціве саветызацыіі”.

Падзеям нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі прысвечана публікацыя “«Мужыцкая праўда» – набат паўстання 1983 г.” (“Запісы”, 1976, кн. 14). Добрай крыніцай для даследчыкаў, у тым ліку англамоўных, стала выдадзеная супольна з Томасам Бэрдам кніга “Паўстаньне на Беларусі 1863 году: «Мужыцкая праўда» й «Лісты з-пад шыбеніцы». Тэксты й камэнтары” (Нью-Ёрк, 1980, на бел. і анг. мовах).

Значны ўклад Янка Запруднік зрабіў у гістарыяграфію палітычнай барацьбы вакол беларускага пытання ў царскай Дзяржаўнай Думе (“Запісы”, 1964, кн. 4; 1975, кн. 13; “Journal of Byelorussian Studies”, 1975, no. 3; 1984, no. 3-4; доктарская дысертацыя “Political Struggle for Byelorussia in the Tsarist State Dumas, 1906-1917”).

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі павялічылася цікаваць міжнароднай супольнасці да новай дзяржавы на палітычнай карце свету. Кнігі і іншыя публікацыі Янкі Запрудніка на англійскай мове знаёмілі, найперш, навуковыя і палітычныя колы замежных краін з вытокамі дзяржаўнасці беларускага народу, найбольш значнымі, лёсавызначальнымі падзеямі ягонай гісторыі і сучаснасці. Гэтаму прысвечана манаграфія “Belarus: At a Crossroads in History” (Colorado, 1993). Гістарычныя і культурныя асновы беларускай нацыянальнай свядомасці, новыя праявы нацыянальнага адраджэння з пачаткам у сярэдзіне 1980-х гадоў карэнных зрухаў у грамадска-палітычным жыцці СССР асэнсоўваюцца ў публікацыях, якія ўвайшлі ў выданні “Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. The Foundations of Historical and Cultural Traditions in East Central Europe” (Lublin, 1994), “Problems of Communism”, 1989, vol. 38.

Янка Запруднік – аўтар раздзелаў у кнігах аб новых дзяржавах на постсавецкай прасторы “Nationals and Politics in the Soviet successors States” (New York, 1993), “National Identity and Ethnicity in Russia and the New States of Eurasia” (New York, 1994), “Belarus and Moldova. Country Studies” (Washington, 1995), “New States, New Politics: Building the Post-Soviet Nations” (Cambridge, 1997), а таксама ў выданні “Contemporary Belarus: Between democracy and dictatorship” (London and New York, 2003). У гэтых публікацыях Янкі Запрудніка асэнсоўваюцца набыткі і цяжкасці, страты на шляху нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, эвалюцыя палітыкі кіраўніцтва Беларусі ад пачатых пасля абвяшчэння назалежнасці дэмакратычных перамен і ўмацавання сваёй дзяржаўнасці да нарастання працэсаў аўтарытарызму і крокаў па стварэнню саюза Беларусі і Расіі, што пагражае Беларусі стратай сувэрэнітэту. Яму належыць інфармацыйна насычаны артыкул пра Беларусь у “Encyclopedia of Democracy” (Washington, 1995).

Па-за ўвагай Янкі Запрудніка не засталіся і праблемы гістарыяграфіі. Ён разглядаў пытанні тэрміналогіі і перыядызацыі гісторыі Беларусі (Nationalities Papers, vol. 3, no. 2), даследаваў прадстаўленне БНР у беларускай савецкай гістарыяграфіі. Выдаў “Historical Dictionary of Belarus” (London, 1998).

Розныя аспекты свайго бачання гісторыі Беларусі Янка Запруднік выкладаў на міжнародных форумах па праблемах СССР і Усходняй Еўропы, славістычных канферэнцыях, удзелам у якіх беларускія навукоўцы-эмігранты павышалі зацікаўленасць замежных навукоўцаў праблемамі Беларусі, спрыялі пашырэнню інфармацыі аб ёй у свеце. Як вядомы даследчык-беларусавед з’яўляецца сябрам Амерыканскай асацыяцыі славістаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Янка Запруднік шмат зрабіў і працягвае рабіць па арганізацыі навуковых беларусазнаўчых даследаванняў і іх папулярызацыі як сябра управы, а цяпер намеснік старшыні Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (заснаваны ў 1951 г.) і сябра рэдкалегіі з 1974 г. ягонага навуковага выдання “Запісы” (выходзяць з 1952 г.), якія сталі цэнтрамі гуртавання інтэлектуальных сіл заходняй дыяспары. Доўгі час быў сябрам управы Фундацыі імя П.Крачэўскага, якая садзейнічае вывучэнню і публікацыі беларускай спадчыны.

Значная роля Янкі Запрудніка ў пашырэнні беларускага перыядычнага друку як крыніцы інфармавання нацыянальнай замежнай супольнасці, заходніх палітычных і навуковых колаў. У мюнхенскі перыяд жыцця ён – намеснік рэдактара газеты “Бацькаўшчына”, якая шырока разыходзілася ў беларускіх асяродках розных краін. Уваходзіў у склад рэдкалегіі такіх выданняў як “Беларуская моладзь” (1959-1964 гг.) і “Царкоўны голас”. Рэдактар бюлетэняў “Навіны з Беларусі” (1964-1969 гг.) і “Facts on Byelorussia” (1972-1975 гг.). У 1980-1995 гг. – рэдактар газеты “Беларус”, якую цяпер рэдагуе калегія, у складзе якой і Янка Запруднік. Як раней, так і цяпер, ён заўсёды ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця беларускай дыяспары як сябра Рады, а затым Прэзідыюма Рады БНР, шматгадовы сябра управы Беларуска-амерыкаскага задзіночання. На сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі, якія рэгулярна праходзяць з 1952 г. і спрыяюць узгодненасці дзеянняў суродзічаў, выступаў з дакладамі, асэнсоўваючы працэсы, якія адбываюцца на Бацькаўшчыне і ў асяродку беларускай замежнай супольнасці. Удзельнікі 26-й Сустрэчы (Таронта, 2004 г.) абмеркавалі ягоны даклад “Сучасная беларуская дзяржаўнасць. Замацоўваецца ці слабее?”

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ў Янкі Запрудніка паявілася мачымасць наведваць Бацькаўшчыну, і тут асабліва стала адчувальнай ягоная прысутнасць у грамадскім і навуковым жыцці. Ён адгукнуўся на многія важныя падзеі ў гісторыі і сучаснай Беларусі ў дакладах на міжнародных навуковых форумах, што праходзілі на Бацькаўшчыне, у тым ліку – Міжнародным з’ездзе беларусістаў (Мінск, 1992 г.). У Беларусі перадрукавана ягоная праца “Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару” (Крыніца, 1995, №7), пераклад амерыканскага выдання кнігі “Беларусь. На гістарычных скрыжаваннях” (Мн., 1996), невялікая частка тыража якой выйшла з новым раздзелам “Спробы адраджэння і аўтарытарная рэакцыя (1993-1995)”. Па вядомай прычыне дзяржаўная друкарня адмовілася друкаваць асноўны наклад кнігі з дадатковым раздзелам. Янка Запруднік – укладальнік і адзін з аўтараў трэцяга выпуску “З гісторыяй на «Вы»” (Мн., 1994), прысвечанага беларускай эміграцыі.

З паэтычнымі творамі Янкі Запрудніка беларускія чытачы могуць пазнаёміцца па публікацыях у кнігах “Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі” (Мн., 1992) і “А часу больш, чым вечнасць. Літаратура беларускага замежжа” (Мн., 1995).

Янка Запруднік – актыўны сябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сядзіба якога месціцца ў Менску, дзейсны ўдзельнік з’ездаў беларусаў свету, ініцыятарам і арганізатарам якіх выступае “Бацькаўшчына”. На першым з’ездзе беларусаў свету (Мінск, 1993) ён выступіў з прамовай “Ад заходняй дыяспары”. Сябра беларускага ПЭН-цэнтра.

“Мой шлях праз свет вядзе ў Беларусь”, – сказаў у адным інтэрв’ю Янка Запруднік. Ягоны жыццёвы шлях, грамадска-палітычная, навуковая, журналісцкая праца – сведчанне таго, як у самых неспрыяльных умовах і, жывучы далёка ад радзімы, можна захаваць любоў да роднай зямлі, Бацькаўшчыны і рабіць усё магчымае, каб яна стала незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай.

Шаноўнаму спадару Янку Запрудніку – добрага здароўя на доўгія гады, нястомнасці і спору ў далейшай працы на карысць Айчыны, радасці новых сустрэч з Беларуссю.

Галіна Сяргеева (Таронта)
mab.org.by
‹‹ на галоўную | у архіў