Лукашэнка спросціць мову

Беларусы наракаюць на тое, што беларуская мова выкарыстоўваецца толькі ў побыце, справаводства ў рэспубліцы вядзецца на рускай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі рэспублікі абнавіць і прывесці да аднастайнасці правілы арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы. Па дадзеных газеты “Погляд”, беларуская мова чакае не кардынальная рэформа, а толькі ўдакладненне некаторых правілаў, што крыху спросціць мову і наблізіць яе да рускай.

Праект зменаў арфаграфіі і пунктуацыі быў распрацаваны ў 1999 годзе, але дагэтуль пытанне ўдакладнення правілаў мовы не вырашаны. Зараз у рэспубліцы карыстаюцца рэдакцыяй, прынятай ў 1957 годзе. Па агульным меркаванні, за мінулыя 50 гадоў мова змянілася, і яе правілы трэба прывесці ў сучасны стан.

Як распавёў газеце “Погляд” вядомы беларускі мовазнаўца Павел Сцяцко, чакаць нейкіх радыкальных зменаў ад ініцыятывы Лукашэнкі нельга, правілы проста неабходна ўдакладніць, паколькі за 50 гадоў мова развівалася і яе пунктуацыю і арфаграфію трэба адрэдагаваць. Пры гэтым загадчык кафедры беларускай мовы Гродзенскага універсітэта панаракаў, што беларуская мова выкарыстоўваецца толькі ў побыце, справаводства ў рэспубліцы вядзецца на рускай.

Дырэктар Цэнтра па праблемах еўрапейскай інтэграцыі Юрый Шаўцоў прызнаецца, што пакуль не зразумела, у якім напрамку пачне змяняцца беларуская мова, гэта будзе вырашаць камісія, якую стварылі ў Міністэрстве адукацыі.

“Незразумела, наколькі глыбокая рэформа, але праблема правапісу залішне палітызаваная”, — адзначыў у размове з карэспандэнтам газеты “Погляд” Юрый Шаўцоў. У цяперашні час некаторыя беларускія апазіцыянеры ў сваіх газетах выкарыстоўваюць правілы, якія былі яшчэ да 1933 года. Па іх меркаванню, старая беларуская мова гучыць меладычней.
Кіраўнік аналітычнага цэнтра “ЭКООМ” у Мінску Сяргей Мусіенка таксама ўпэўнены, што кардынальная рэформа беларускай мове не пагражае, дзяржаўная мова суседняй рэспублікі развіваецца, як і руская. Пры гэтым змены мовы не з’яўляюцца чымсьці асабліва значным для насельніцтва рэспублікі. Мэты змены правіл — зрабіць яе зразумелай для рускамоўных жыхароў рэспублікі, спрасціць.

Ніякай палітыкі ў дзеяннях прэзідэнта эксперт не бачыць. “Рэформа мовы выспявала на ўзроўні акадэмічных інстытутаў, у яе правядзенні няма ніякага палітычнага матыву”, — упэўнены Мусіенка. Праўда, адзінства ў вырашэнні напрамку зменаў у акадэмічнай супольнасці няма. Затое ўсё больш цікавіцца беларускай мовай моладзь. “Тыражы кніг на беларускай мове растуць, і гэта яшчэ адзін паказчык, што змены ў мове наспелі”, — канстатуе эксперт.

Што ж тычыцца прыпісаных некаторымі СМІ Лукашэнку слоў аб тым, што на беларускай мове “нельга выказаць нічога вялікага”, то, па словах беларускіх экспертаў, гэта выдумкі журналістаў.

“Аляксандр Рыгоравіч сам вольна пераходзіць на беларускую мову, а ўклад беларускай класікі ў славянскую культуру бясспрэчны”, — падкрэслівае Сяргей Мусіенка. У прэс-службе прэзідэнта таксама адмаўляюць той факт, што Лукашэнка мог калі-небудзь непаважліва выказацца аб дзяржаўнай мове сваёй краіны.

Аднак дырэктар украінскага аддзялення Міжнароднага інстытута гуманітарна-палітычных даследаванняў Уладзімір Малінковіч лічыць, што не справа прэзідэнта аддаваць загады аб рэформе мовы. “Мова павінна быць у вядзенні спецыялістаў па лінгвістыцы, а Лукашэнка лезе ва ўсе дзіры, гэта аўтарытарна”, — сказаў газеце “Погляд” украінскі палітолаг.

Па яго меркаванню, складанасці, якія ўзнікаюць перад беларускай і ўкраінскай мовамі, падобныя, паколькі гэтыя мовы раней ніколі не былі дзяржаўнымі і ў розных рэгіёнах на гэтых мовах гавораць па-рознаму. “Дзяржава можа прыняць рашэнне аб упарадкаванні мовы, аб збаўленні яе ад паланізмаў і русізмаў, але выконваць гэту задачу павінны спецыялісты”, — перакананы Малінковіч.

Паводле дзелавой газеты “Взгляд”
vzglyad.ru
‹‹ на галоўную | у архіў