Кожны трэці беларус з радасцю памяняў бы краіну жыхарства

Кожны трэці беларус (33,5%) гатовы пераехаць з Беларусі ў іншую краіну на сталае месца жыхарства. Такія дадзеныя атрыманыя ў выніку нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага незалежнымі сацыёлагамі ў другой палове чэрвеня 2006 года. Усяго было апытана 1505 чалавек з 18 гадоў і старэй, ліміт памылкі рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0.03.

Рэспандэнтам было зададзена пытанне “Ці жадалі бы Вы пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства, калі б ў Вас была такая магчымасць?”.

Не жадалі б нікуды пераязджаць 57,6% апытаных, 8,9% на пытанне не адказалі. Большасць апытаных жадалі б пераехаць у Германію – 11,4%. У ЗША з’ехалі б 7,2% рэспандэнтаў, у Польшчу – 5%, у Расію – 4,3%, у краіны Балтыі – 2,9%.

Сацыёлагі таксама высветлілі сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі жадаючых і не жадаючых пераехаць у іншую краіну.

Сярод тых, хто жадаў бы пераехаць у іншую краіну мужчын – 36,8%, жанчын – 30,8%. Больш за ўсё жадаючых пакінуць радзіму сярод беларусаў да 30 гадоў – 54%. Што тычыцца адукацыі, то 41,6% жадаючых пакінуць радзіму маюць вышэйшую адукацыю. Менш усяго жадаючых з’ехаць сярод тых, хто мае пачатковую адукацыю — 17,7% і няпоўнае сярэдняе — 19,4%.

Менш усяго жадаючых пакінуць Беларусі сярод пенсіянераў — 11,7%. З’ехаць з Беларусі жадалі б сярод навучэнцаў — 60%, індывідуальных працаўнікоў — 47,4%, працаўнікоў прыватных прадпрыемстваў — 43,9%, дзяржпрадпрыемстваў — 36,9%.

Большасць жадаючых з’ехаць жывуць у вялікіх гарадах — 40,4% і ў абласных цэнтрах — 38,9%.

www.afn.by
‹‹ на галоўную | у архіў