“222 альбомы беларускага року і не толькі”
У Беларусі выйшла з друку кніга “222 альбомы беларускага року і не толькі”. Аўтары выдання – музычныя журналісты-крытыкі Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй. Кніга цалкам прысвечана беларускім выканаўцам і з’яўляецца першым энцыклапедычным даведнікам з гісторыі выдання беларускіх музычных альбомаў.
У кнігу ўвайшлі публікацыі розных гадоў, што друкаваліся ў айчыннай і замежнай перыёдыцы і былі прысвечаныя кожнаму з музычных альбомаў. Сярод іншага тут – рэцэнзія на альбом гурту “Неруш”, які выйшаў у Нарвегіі, аналітыка зборнікаў “Песняроў”, спевака Багдана Андрусішына (Данчыка), а таксама рэцэнзія на кампакт-дыск “Быкаў на Свабодзе”, у якім змешчаны выступы Васіля Быкава на Радыё Свабода. Чаму кніга атрымала назву “222 альбомы беларускага року і не толькі”, тлумачыць адзін з аўтараў выдання – Вітаўт Мартыненка.
“Гэта погляд на свет праз прызму року. Мы – рокеры. Але гэта не азначае, што мы адпрэчваем любую іншую музыку – эстрадную, бардаўскую, папсу нават, — гаворыць спадар Мартыненка. — Тут ёсць усё, што створана па-беларуску. Прычым, і дыскі, якія выдаваліся ў Нарвегіі, Польшчы, Францыі, ЗША і, натуральна, у Беларусі. Рэдка які альбом не патрапіў у кнігу”.
Паводле спадара Мартыненкі, першапачаткова планавалася, што кніга будзе называцца “Сто альбомаў беларускага року”. Але падчас укладання даведніка высветлілася, што альбомаў беларускай музыкі не 100 і нават не 150, а больш за 200. Таму і было вырашана спыніцца на назве “222 Альбомы беларускага року”.
Акрамя таго, кніга цікавая і з лінгвістычнага погляду. Кажа Вадзім Александровіч, які браў удзел у падрыхтоўцы выдання: “Акрамя музыказнаўчага кантэксту, гэтая кніга робіць пэўны ўнёсак у развіццё і мовазнаўства. Бо гэта і спроба мовазнаўчай рэканструкцыі таго, што мусіла быць, але чаго, на жаль, няма. Частка артыкулаў тут пададзена лацінскай abc-дай”.
Першае выданне кнігі, якая мела назву “Праз рок-прызму”, аўтары падрыхтавалі яшчэ ў сярэдзіне 1980-х. Але савецкая цэнзура забараніла выданне, і зборнік здолеў пабачыць свет у 1989 у Нью-Йорку. Цяпер энцыклапедычны даведнік дапоўнены новымі старонкамі. Адзін з выдаўцоў і аўтар ўступнага слова Віталь Супрановіч адзначае: “Кніга ўтрымлівае гісторыю беларускай музыкі ў плакатах, ад першых рок-канцэртаў да “Басовішча” і сучасных канцэртаў. Гэта беларускі каляндар, у якім пазначаны дні народзінаў вядомых і маладых музыкаў, культурных дзеячаў. Чытаючы гэтую кнігу, можна адсачыць усю гісторыю беларускай музыкі”.
Як паведамілі выдаўцы, кніга “222 Альбомы беларускага року і не толькі” выйшла накладам 2 тысячы асобнікаў. Яе можна набыць у кнігарнях Мінска. Прэзентацыя выдання запланавана на восень.
Паводле радыё “Свабода”
|