Святар перадусім
8 жніўня 1926 года нарадзіўся айцец Аляксандр Надсан
8 жніўня святкуе свой дзень нараджэння айцец Аляксандр Надсан, апостальскі візітатар беларусаў-каталікоў у замежжы, дырэктар Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Нарадзіўся Аляксандр Надсан у мястэчку Гарадзея, што пад Нясвіжам. Ягоныя бацька і маці былі настаўнікамі, і хлопец з дзяцінства размаўляў з маці па-французску (у часы ваеннага ліхалецця юнаку, закінутаму на чужыну, прыдаліся гэтыя веды). Пасля школы скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Сам айцец кажа, што семінарыя дала яму “не толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыццё”.
У час вайны, яшчэ падлеткам, Аляксандр узначаліў мясцовае аддзяленне Саюзу Беларускай Моладзі. У 1944 г. Аляксандр, як шмат хто з ягоных аднагодкаў, далучаецца да Беларускай Краёвай Абароны. Праз год ён будзе стаяць у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Мінску. Аляксандру не было яшчэ 18 гадоў, калі жаўнеры Беларускай Краёвай Абароны былі скіраваныя на Заходні фронт, у Францыю. Там ён з сябрамі далучыўся да Руху Супраціўлення. Пазней Аляксандру давялося ваяваць у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса, дзе ён быў паранены. Айцец мае ўзнагароды за змаганне з фашызмам, але гаварыць пра гэта не любіць, бо, з ягоных словаў, “вайна — гэта нялюдскае і страшнае”.
Па вайне савецкая Беларусь, дзе разгарнуліся рэпрэсіі, была для яго закрытая. Айцец гаворыць цяпер з іроніяй: “У нас не было тады выбару: Англія або Беларусь. Мне даводзілася выбіраць Англію або Салаўкі. Я падумаў, што ў Англіі будзе крыху выгадней”.
У Брытаніі, дзе айцец апынуўся па вайне, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі універсітэт на аддзяленне матэматыкі. Якраз тады пачынае фармавацца яго адкрытасць да свету, да сусветнай культуры, што надае ягонай унікальнай эрудыцыі еўрапейскі кшталт. Гады самаадукацыі далі яму грунтоўныя веды з сусветнай гісторыі і культуры, веды, што і цяпер уражваюць ягоных суразмоўцаў.
У 1946 г. Аляксандр Надсан становіцца адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, найстарэйшай з дзейных цяпер беларускіх арганізацый у замежжы. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання “Рунь”, што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Еўропе і ЗША.
У 1947 г. у Лондане ствараецца Беларуская каталіцкая місія. Будучы біскуп Часлаў Сіповіч, які стаяў ля яе вытокаў, стаўся для Аляксандра найбольшым духоўным аўтарытэтам і паўплываў на ягоны далейшы жыццёвы шлях. “Пад ягоным уплывам у мяне нарадзілася жаданне прысвяціць жыццё на службу Богу сярод свайго народу”, — кажа айцец. Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсць гадоў у Грэцкай калегіі. У калегіі вучыліся румыны, італа-албанцы, сірыйцы. Яны размаўлялі між сабою па-грэчаску, ведалі італійскую, а ў Грыгарыянскім універсітэце вучыліся на лаціне. Менавіта там айцец сутыкнуўся з разнастайнасцю нацыянальных традыцый у Царкве. Ён казаў пасля, як глыбока яго ўразіла тое, што студэнты з іншых Цэркваў маглі пры нагодзе маліцца па-свойму. Для яго ж, беларуса, “сваёй” моваю набажэнства была царкоўнаславянская. З часу навучання ў Грэцкай калегіі вынес айцец думку пра пераклад усходніх літургічных тэкстаў з грэцкай мовы на беларускую — працу, якую ён уважае цяпер за найважнейшае здзяйсненне ў сваім жыцці.
Высвечаны на святара ён быў 23 лістапада 1958 г. і ў наступным годзе вярнуўся ў Лонданскую місію.
У 60-я гг. місія ўтрымлівала Беларускую школу св. Кірылы Тураўскага, дзе вучыліся і жылі хлопчыкі з беларускіх сем’яў з розных краінаў і розных веравызнанняў. Для дзяцей гэта быў асяродак, дзе яны маглі пазнаёміцца з нацыянальнай літаратурай, гісторыяй, культурай. Айцец Аляксандр працаваў настаўнікам у гэтай школе, а ад верасня 1966 г. быў яе кіраўніком.
Святарскае служэнне для айца заўсёды было звязанае з працаю дзеля захавання беларускай культуры. Таму і працуе ён актыўна ў складзе Англійска-Беларускага таварыства, чытае культуразнаўчыя лекцыі, друкуецца ў перыядычных выданнях, перадусім у “Journal of Byelorussian Studies” і ў адноўленым у Лондане рэлігійным часопісе “Божым шляхам”. Ён цікавіцца старадрукамі, скарыназнаўствам, робіць унікальную працу па даследаванні і транслітарацыі Аль-Кітабаў.
У 1971 г. у Лондане адкрываецца Беларуская бібліятэка імя Скарыны. Бібліятэчная калекцыя спачатку складалася з прыватных кнігазбораў трох святароў — уладыкі Ч.Сіповіча, а.Л.Гарошкі і а.А.Надсана. Цяпер гэта сусветна вядомы цэнтр, які валодае найбуйнейшым па-за межамі Бацькаўшчыны зборам беларусазнаўчай літаратуры, унікальнай калекцыяй старадрукаў і старажытных мапаў, багатым і дагэтуль мала даследаваным архівам. Сёлета, дарэчы, Скарынаўка святкуе сваё 30-годзе, да якога прымеркаваная канферэнцыя ў Лондане “Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры”.
Усе гэтыя гады фонды бібліятэкі папаўняліся найперш стараннямі айца Надсана. Ён выкарыстоўваў кожную магчымасць, шукаючы рэдкія выданні, рукапісы, ездзіў на кніжныя аўкцыёны, у букіністычныя крамы па ўсёй Еўропе, збіраў кнігі сярод беларусаў дыяспары. Айцец са смехам распавядае, што быў у Монтэ-Карла, слаўным сваімі казіно, і шмат грошай там пакінуў. Быў жа ён там насамрэч на кніжным аўкцыёне і неблагі набытак з яго прывёз для Скарынаўкі. Альбо яшчэ – як давялося яму ў аднаго нью-ёрскага беларуса цэлы дзень частавацца чымсьці моцным і брыдкім, каб назаўтра атрымаць ад яго “Гісторыю крыўскай кнігі” В.Ластоўскага.
А яшчэ было ўсталяванне кантактаў з дзяржаўнымі бібліятэкамі і ўстановамі культуры ў Беларусі, арганізацыя навуковых канферэнцый, выданне рукапісаў з фондаў бібліятэкі (у т.л. дзённіка Казіміра Сваяка і рукапіснага паэтычнага зборніка Ларысы Геніюш).
Адначасова айцец робіць велізарную працу па перакладзе літургічных тэкстаў візантыйскай традыцыі. Плён ягоных 20-гадовых высілкаў — гэта ўвесь корпус богаслужбаў надзвычайнае духоўнае і эстэтычнае вартасці, цяпер даступны беларускім вернікам. Айцец не абмяжоўваецца перакладамі: развіваючы беларускую літургічную традыцыю, ён уводзіць ва ўжытак малітвы і акафісты Скарыны, сам піша тэксты (Служба аб памнажэнні любові, Службы да св. Ефрасінні Полацкай і да св. Кірылы Тураўскага і інш.). Асноўная частка гэтых тэкстаў падрыхтаваная цяпер да друку лонданскім выдавецтвам “Божым шляхам”.
Пасля смерці біскупа Сіповіча а.Аляксандр робіцца рэктарам місіі ў Лондане, а ў 1986 г. яго прызначаюць Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў замежжа. Доўгі час ён самастойна выдаваў “Веснік беларускага каталіцкага душпастырства”. Двойчы тады ён аб’ехаў свет, адведваючы беларусаў ад Аўстраліі і Новае Зеландыі да ЗША і Канады. Да апошняга часу вадзіў ён штогадовыя пілігрымкі да Крыжа беларускіх пакутнікаў, што ў Канадзе. На працягу некалькіх гадоў “Наша Ніва” змяшчае казанні а. Аляксандра на Каляды і Вялікдзень, адрасаваныя беларусам усяго свету. У сталым сваім веку айцец рэгулярна бывае ў беларусаў розных веравызнанняў ад Францыі да Амерыкі, служыць набажэнствы, хрысціць і вянчае, проста сустракаецца з людзьмі — трымае іх разам. Разам з Беларусью і разам з Богам.
Калі знятая была жалезная заслона, айцец прыехаў на Беларусь — з дапамогаю для дзяцей, што пацярпелі ад чарнобыльскае аварыі. Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, які айцец стварыў і ўзначаліў у Вялікабрытаніі, распачаў тады дастаўку лекаў у найбольш пацярпелыя раёны, ладзіў летнія адпачынкі для дзяцей у Ангельшчыне, Валіі і Ірландыі.
У той свой прыезд з вялікай радасцю для сябе сутыкнуўся айцец з першымі намаганнямі адрадзіць Уніяцкую Царкву на Беларусі. 11 сакавіка 1990 г. ён адслужыў святую Літургію за беларускі народ — першую каталіцкую службу ўсходняга абраду ў Мінску ад часоў скасавання Уніі ў 1839 г. Сотні людзей прыйшлі на ягонае набажэнства і адчулі тады, што гэта — іхняя Царква. Царква з беларускай моваю літургіі, Царква, дзе душы адгукаюцца на мудрыя і светлыя словы святара. Пры ўсёй разнастайнасці абавязкаў і закліканняў айца, пры ягонай неверагоднай заангажаванасці ў свеце, святарства для яго — не роля, а тоеснасць. “Я — святар перадусім”, — часта кажа ён пра сябе.
З адраджэннем Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі праца Лонданскае місіі набыла новае значэнне: цяпер тут атрымліваюць тэалагічную адукацыю беларускія студэнты, запрошаныя айцом. Цяпер ёсць надзея на працяг, на пераемнасць пачатай колісь айцом справы.
Як добра на душы, калі ведаеш, што там, у Лондане, у царкве св. Пятра і Паўла, айцец асвячае пачатак кожнага дня Боскай літургіяй па-беларуску і моліцца вось ужо колькі дзесяткаў гадоў “за краіну нашу Беларусь і за ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас”.
Паводле www.lingvo.minsk.by
|