Сусветныя інфармацыйныя агенцтвы пра Чарнобыльскі шлях

Усе сусветныя інфармацыйныя агенцтвы сёння падаюць падрабязныя рэпартажы аб “Чарнобыльскім шляху” ў Мінску. Яны называюць розную колькасць удзельнікаў – ад 5 тысяч (ІТАР-ТАСС) да 10 тысяч (Асашыэйтэд Прэс).

Агенцтва “Франс-Прэс” адзначае, што акцыя насіла палітычны характар, дэманстранты патрабавалі зыходу Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта, а лідэр апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч заявіў пра ўзмацненне кампаніі, якая мае на мэце адстаўку дзейнага кіраўніка Беларусі законнымі метадамі. АФП падае каментар заходняга амбасадара да падзеі, які прысутнічаў на Чарнобыльскім шляху: ён, у прыватнасці, заўважыў, што дэманстрацыя сабрала меней людзей, чым акцыі падчас паслявыбарчых пратэстаў, але станоўча ацаніў выключна мірныя метады палітычнай барацьбы Мілінкевіча, зазначыўшы, што такім чынам “апазіцыя хоча пераканаць людзей, што ім ня трэба баяцца”.

“Асашыэйтэд Прэс” цытуе словы Аляксандра Мілінкевіча аб тым, што апазіцыя ня будзе чакаць пяць год да адстаўкі Лукашэнкі, а даможацца гэтага цягам году-двух, а можа і хутчэй, што “мірнымі акцыямі гэты рэжым будзе разбураны”. Карэспандэнт “Асашыэйтэд Прэс” заўважыў, што дэманстранты ў Мінску старанна выконвалі правілы дарожнага руху, нават пераходзілі вуліцы па падземных пераходах. “Вялікая колькасць удзельнікаў акцыі, – піша далей карэспандэнт “АП”, – можа быць знакам таго, што прыхільнікі Мілінкевіча здольныя падтрымліваць на высокім узроўні сваю гатоўнасць удзельнічаць у кампаніі супраць аўтарытарнага праўлення Лукашэнкі”.

Карэспандэнтка агенцтва “Ройтэр” таксама звярнула ўвагу на рашучасць беларускай апазіцыі дамагчыся адстаўкі А.Лукашэнкі цягам бліжэйшых двух гадоў. Яна дае падрабязную цытату з выступу Аляксандра Мілінкевіча ля Акадэміі Навук, які заявіў, што рэжым Лукашэнкі будзе разбураны актамі грамадзянскага непадпарадкавання.

Журналістка “Ройтэр” далей піша, што сам Лукашэнка апошнія два дні правёў на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Гомельшчыны, і дзяржаўнае Беларускае тэлебачанне паказвала, як ён сачыў за пасяўной кампаніяй ў чарнобыльскай зоне. “Ройтэр” падае думку аднаго з удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” 73-гадовага спадара Міхася, які прыйшоў на акцыю апазіцыі з унучкай. Спадар Міхась сказаў журналістцы “Ройтэр”: “У Беларусі дзве бяды – Чарнобыль і Лукашэнка, і Лукашэнка, відаць, горшая бяда, бо калі Чарнобыль раніць фізічна, то Лукашэнка стаў прычынай маральных і ментальных страт”.

Радыё “Свабода”
‹‹ на галоўную | у архіў