Затрыманні падчас “Чарнобыльскага Шляха”

Учора апоўдні супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Адпусцілі палітыка толькі а 23-й гадзіне, да гэтага нічога пра ягоны лёс не было вядома. Спадар Лябедзька паведаміў, што яго збівалі і дапытвалі па крымінальнай справе па артыкуле “тэрарызм”.

Спадар Лябедзька перакананы, што ягонае затрыманне было паказальна жорсткім, каб максімальна запалохаць: “Як я цяпер разумею, прааналізаваўшы ўсё, што было ўчора, гэта было такое паказальнае затрыманне – як злачынцу, як нейкага бандзюгу мяне паклалі на асфальт, надзелі кайданкі і білі па нырках. Мяне закінулі ў мой жа аўтамабіль. Я ня ведаў, куды мяне вязуць, бо мне куртку нацягнулі на галаву, каб я нічога ня бачыў”.

Па сканчэнню акцыі апазіцыі “Чарнобыльскі Шлях” невядомымі людзьмі ў штацкім, у цэнтры горада побач з плошчай Бангалор, быў схоплены лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. На якой падставе арыштаваны палітык і дзе ён зараз знаходзіўся некаторы час было невядома. Як паведаміла прэс-служба лідэра дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, то падчас акцыі разам з Вінцуком Вячоркай былі арыштаваны тры грамадзяніна Украіны і 8 удзельнікаў “Чарнобыльскага Шляху”. Зараз над Вінцуком Вячоркам адбываецца суд.

Старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін і лідэр Партыі працы Аляксандр Бухвостаў былі арыштаваны сёння раніцай супрацоўнікамі АМОНа. Лідэры партыяў былі выкліканы ў гарадское упраўленне унутраных спраў Мінгарвыканкаму для абмеркавання фармату акцыі апазіцыі, якая павінна была адбыцца ў Мінску 1 траўня. Аднак калі палітыкі выходзілі з будынку ГУУС іх затрымалі супрацоўнікі АМОНа і ўвезлі, па першаснай інфармацыі, у Першамайскі РУУС Мінска. На іх склалі пратаколы аб парушэнні палітыкамі артыкулу 167 Кодэксу аб адміністратыўных прававых парушэннях — арганізацыя несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Размова ідзе аб мірнай акцыі ў Мінску “Чарнобыльскі Шлях”, у якім прынялі ўдзел 10 тысяч мінчан.

Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, сёння лідэру дэмакратычных сіл Аляксандру Мілінкевічу патэлефанаваў намеснік старшыні Першамайскага раённага ўпраўлення міліцыі Мінска і запрасіў яго з’явіцца ў РУУС на допыт. Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ў гэты час у яго вельмі важная сустрэча, і да таго ж ён не намераны прыязджаць у міліцыю без афіцыйнай павесткі. Павестку А.Мілінкевічу мусілі прывезці ў рэдакцыю газеты, дзе ён даваў інтэрв’ю, але замест гэтага, сп. Мілінкевіча пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў Першамайскі РАУС, дзе яна яго склалі пратакол.

Паводле Радыё “Свабода” і “Хартыі’97”
‹‹ на галоўную | у архіў