Чарнобыльскі мітынг ў Гомелі забаронены
Сёння ў Гомелі павінны былі адбыцца два мерапрыемствы: мітынг, прысвечаны 20-м угодкам чарнобыльскай катастрофы, і навукова-практычная канферэнцыя. Аднак аблвыканкам не даў дазволу абласным арганізацыям Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай Партыі камуністаў на правядзенне мітынгу.
Адмоўлена дэмакратычным актывістам і ў арэндзе памяшкання ў Палацы культуры таварыства глухіх “Віпра”. Тут меркавалася правесці канферэнцыю з удзелам вядомых навукоўцаў у галіне чарнобыльскіх даследаванняў прафесараў Несцярэнкі і Нікітчанкі, а таксама экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.
Многія ў горадзе лічаць, што улады пайшлі на такі крок дзеля таго, каб падчас традыцыйнай паездкі ў Гомельскую вобласць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі не гучала альтэрнатыўных меркаванняў наконт пераадолення наступстваў Чарнобылю.
Напрыканцы 1980-90-х гадоў мясцовыя ўлады не баяліся чарнобыльскіх мітынгаў. На іх збіраліся тысячы людзей, абмяркоўваліся набалелыя праблемы. Зараз мітынгі сталі забараняць, а актывісты Гомеля сталі ладзіць у гарадскім скверы “Гадзіны смутку”. Збяруцца, пагутараць, запаляць свечкі жальбы і смутку...
Сёлета з прычыны круглай чарнобыльскай даты і значнага падвышэння грамадскай актыўнасці насельніцтва вырашылі аднавіць колішнюю практыку, аднак атрымалі адмову. Сябры АГП і ПКБ вырашылі паінфармаваць гараджанаў пра забарону мітынгу і канферэнцыі. І вось што атрымалася: “Учора мы раздавалі ўлёткі наконт таго, што ўлады забаранілі правядзенне мітынгу да 20-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы. — Распавядае сябра АГП Андрэй Толчын. — Але нават і з гэтымі ўлёткамі нас затрымала міліцыя. На маю думку, улады зацікаўленыя, каб людзі жылі з зашытым ротам і стаялі моўчкі, як быдла ў стойле”.
Паводле радыё “Свабода” |