20 гадоў чарнобыльскай трагедыі

У 1986 г. 26 красавіка ў 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секунд у г. Чарнобыль, на тэрыторыі Украіны ля беларускай мяжы, адбылася самая буйная тэхнагенная катастрофа XX ст. Серыя выбухаў знішчыла рэактар і будынак 4-га энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. У выніку ў атмасферу патрапіла 50 х 106 Кu радыенуклідаў, з іх 70% выпала на Беларусь. Выбух быў такой сілы, што радыяцыйны фон вышэй нормы быў зарэгістраваныя 29 красавіка 1986 г. у Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Румыніі; 30 красавіка – у Швейцарыі і Паўночнай Італіі; 1-2 мая – у Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, паўночнай Грэцыі; 3 мая – у Ізраілі, Кувейце, Турцыі і інш. Радыяцыйныя рэчывы як аэразоль, паднятыя выбухам у атмасферу, распаўсюджваліся глабальна: 2 мая яны зарэгістраваныя ў Японіі, 4 мая – у Кітаі, 5-га – у Індыі, 5 і 6 мая – у ЗША і Канадзе.

23% тэрыторыі Беларусі былі забруджаны радыенуклідамі са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км (для параўнання: на Украіне забруджана 4,8% тэрыторыі, у Расіі – 0,5%). На сённяшні дзень (згодна заканадаўству па зонах радыяцыйнага забруджання) 20% ад агульнай тэрыторыі Беларусі забруджана. Сёння кожны сёмы беларус жыве на забруджаных тэрыторыях. Па звестках Камітэта па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Саўміне (Камчарнобыль), на забруджаных тэрыторыях пражывае на сённяшні час 1,3 млн. чалавек.

Іншыя лічбы: 20% усіх лясоў у Беларусі да гэтай пары з’яўляюцца забруджанымі; 137 000 чалавек былі выселеныя; тэрыторыя ў 155 000 км2 да гэтай пары застаецца забруджанай небяспечнымі ізатопамі цэзію-137 і стронцыю-190 (застаюцца небяспечнымі на працягу некалькіх стагоддзяў).

Каб забруджаная тэрыторыя цалкам ачысцілася, у кожнага з радыяцыйных элементаў павінна прайсці некалькі паўраспадаў. У адных ізатопаў перыяд паўраспаду цягнецца 8 дзён, у іншых – сотні альбо тысячы гадоў. У найбольш небяспечнага для чалавека стронцыю-137 – 30 гадоў, у плутонію-239 – амаль 25 тысяч гадоў. Некаторыя элементы пры распадзе ператвараюцца ў яшчэ больш небяспечныя для чалавека. Пасля 14 гадоў плутоній-241 ператвараецца ў вельмі небяспечны амерыцый-241, які лёгка распушчаецца ў вадзе і збіраецца ў жывых арганізмах. У адрозненне ад дастаткова няшкоднага бэта-выпраменьвання, амерыцый небяспечны гама-выпраменьваннем.

Былы намеснік старшыні Белдзяржаграпраму Іван Нікітчанка: “Мы знаходзімся ў самым пачатку наступстваў аварыі. Чарнобыль будзе шмат часу ўплываць на Беларусь. Той прагноз, які мы рабілі ў 1986-1987 гадах, цяпер спраўджваецца. Смяротныя выпадкі пачаліся праз 7-8 гадоў. У выніку з 1993 году пачалося змяншэнне колькасці насельніцтва. На сёння яно зменшылася амаль на 470 тысяч чалавек. Паводле прагнозаў дэмографаў гэты працэс будзе цягнуцца да 2020 году, і Беларусь згубіць каля 1 мільёну жыхароў. Я звязваю гэта з Чарнобылем. Цяпер хварэюць людзі, якія падчас аварыі хадзілі ў школу і садок. З’явіліся хваробы, якіх у нас не было да аварыі. Найперш пацярпелі тыя органы, якія першымі “сустракаліся” з радыяцыяй: лёгкія, крывяносная сістэма, цэнтральная нервовая сістэма. Людзі, якія маюць удзельную радыеактыўнасць цела вышэй за гэтыя лічбы, усе хворыя на розныя захворванні. А ў Заходняй Еўропе гэтага няма. Таму нельга казаць пра ліквідацыю наступстваў аварыі.

З дазволу ўладаў радыяцыя расцягваецца па тэрыторыі ўсёй краіны. Няма ніводнай вобласці, дзе не было б радыеактыўных плямаў. Людзі атрымліваюць радыяцыю за кошт забруджаных прадуктаў. На забруджаных тэрыторыях застаецца жыць каля 1,8 мільёнаў чалавек, у тым ліку каля паўмільёна дзяцей. Іх няма куды перасяліць. Я вымушаны з горыччу канстатаваць, што ўрад увогуле выкінуў чарнобыльскую праблему з ліку першачарговых пытанняў, якія трэба вырашаць. А між тым, гэта праблема № 1 для Беларусі. Такая сітуацыя будзе працягвацца датуль, пакуль людзі не аб’яднаюцца. Таму што гэтай бюракратычнай сцяне можа супрацьстаяць толькі сіла. Дзяржаўная праграма павінна абараняць кожнага чалавека, а не ўвогуле рэабілітаваць тэрыторыю. Трэба кантраляваць удзельную радыеактыўнасць людзей, а не тэрыторый. Галоўная праблема – забяспечыць людзей чыстымі прадуктамі харчавання.

Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця адкрыў транш у “Прыёрбанку” для развіцця сельскіх гаспадарак у гэтай зоне. Але скарыстацца гэтымі грашыма цяжка. Па-першае, чалавек, які хоча ўзяць крэдыт, павінен забяспечыць 30% ад сумы праекту сваімі грашыма. А ў яго няма грошай. Па-другое, чалавек павінен унесці маёмасць у якасці закладу. Але акрамя старой хаты, у яго нічога няма. А зямля знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці <…>” (з інтэрв’ю Радыё “Свабода”, 19 красавіка 2006 г.).

Кіраўнік беларускага сацыяльна-экалагічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка: “У дакладзе прэм’ер-міністра Сідорскага на парламенцкіх слуханнях адзначалася, што ў выніку аварыі Беларусь панесла страты на суму 235 мільярдаў долараў, а з 1989 года на ліквідацыю яе наступстваў патрачана 17 мільярдаў долараў.

У газеце “Набат” мы пісалі пра тое, што пад выглядам рэабілітацыі на землях, выведзеных з сельскагаспадарчага карыстання, пачалі вырабляць прадукцыю. І цяпер засяваюць. А на гэта заплюшчваюць вочы. Уплыў радыяцыі на насельніцтва будзе павышацца. Рэальнасць зусім не адпавядае афіцыйным дэкларацыям. У гэтай зоне наспявае яшчэ адна выбуховая рэч. Гэтыя землі засяляюцца іншаземцамі з-за межаў Беларусі. Адбываецца дэпапуляцыя беларускага насельніцтва. І гэтую праблему яшчэ давядзецца вырашаць. Усё гэта адбываецца таму, што людзі, якія стаяць пры ўладзе, жывуць адным днём <…>” (з інтэрв’ю Радыё “Свабода” 19 красавіка 2006 г.).

Па дадзеных ААН каля 7 млн. чалавек яшчэ жыве ў забруджаных раёнах Беларусі, Украіны і Расіі. Агульны аб’ём стратаў ад аварыі на ЧАЭС па ацэнках беларускіх навукоўцаў складае $ 235 мільярдаў. Аб гэтым паведаміў 11 красавіка на прэс-канферэнцыі старшыня Камчарнобылю пры Савеце міністраў Беларусі Уладзімір Цалко. На сённяшні дзень у Беларусі 47 населеных пунктаў, якія належаць да перасялення, але ў іх жывуць людзі. Зону адсялення наведваюць з навуковымі мэтамі, дзеля працы, а таксама каб наведваць пахаванні родных.

Дадзеныя “Грынпіс Расіі” аб наступствах аварыі на ЧАЭС значна разыходзяцца з афіцыйнымі. Аб гэтым паведаміў кіраўнік энергетычнага аддзела “Грынпіс Расіі” У.Чупураў. У верасні 2005 г. у Вене быў прэзентаваны даклад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і МАГАТЭ, у якім афіцыйныя лічбы былі абвешчаны заніжанымі. Па ацэнках “Грынпіс Расіі”, дадзеныя МАГАТЭ па смяротнасці зніжаны на парадак.

5 кастрычніка 2005 г. Камітэт па пытаннях навакольнага асяродку Бундэстага (Германія) правёў спецыяльнае пасяджэнне, прысвечанае наступствам Чарнобыльскай катастрофы. У абмеркаванні тэмы пасяджэння прынялі ўдзел паслы Германіі ва Украіне і Беларусі, а таксама міжнародныя эксперты. Кіраўнік філіяла арганізацыі “Міжнародныя ўрачы за прадухіленне атамнай вайны” Ангеліка Клаўсэн абвінаваціла экспертаў з МАГАТЭ ў маніпуляцыі лічбамі і змяншэнні маштабаў трагедыі.

Зразумела, што беларуская дыяспара не магла пакінуць сам-насам Беларусь з Чарнобыльскай трагедыяй. Прадстаўнікі беларускай дыяспары з розных краін свету адгукнуліся на беларускі боль, у сілу сваіх магчымасцяў. Так, беларусы з Саўт-Рывера (ЗША), вернікі Беларускай аўтакефальнай царквы, з дапамогай аднаго з кіраўнікоў беларускай арганізацыі Аляксандра Сільвановіча змаглі наладзіць 4 пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Беларусь на агульную суму 6 мільёнаў долараў. Гэта адбылося пасля таго, як светлай памяці Уладыка Мікалай, першаіерарх Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, наведаў Беларусь і пазнаёміўся з тымі праблемамі, што паўсталі пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Дзякуючы айцу Аляксандру Надсану (Лондан) завязалася супрацоўніцтва паміж Беларускім фондам “Сакавік” і ірландскімі дабрачыннымі арганізацыямі. У выніку сотні дзяцей з рознымі хваробамі змаглі прайсці абследаванне і лячэнне ў клініках Вялікабрытаніі.

Нельга абысці ўвагай і дзейнасць Канадскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля, заснавальнікамі якога выступілі Івонка і Янка Сурвіллы, Зінаіда Гімпялевіч, Паўліна Пашкевіч. А Раду склалі кіраўнікі ўсіх беларускіх арганізацый Канады. Фонд паўстаў з ініцыятывы Івонкі Сурвіллы і дзейнічае на працягу 17 год. Дзейнасць фонду знайшла шырокі водгук сярод канадцаў, якія далучаліся да яго працы: прымалі ў свае сем’і беларускіх дзяцей, закуплялі медыкаменты і ежу, кампутары для школ, для аказання гуманітарнай дапамогі Беларусі. Штогод каля 600 дзяцей з Беларусі праходзілі аздараўленне ў Канадзе, жылі ў канадскіх сем’ях.

Спрыялі аказанню гуманітарнай дапамозе Рэспубліцы Беларусь Мікола Прускі з Гранд-Рэпіз, Анатоль Лук’янчык з Кліўленда (ЗША).

Вялікую дапамогу ў аздараўленні дзяцей да гэтага часу аказвае фонд “Этнічныя галасы Амерыкі” на чале са сп-няй Ірэнай Калядой-Смірновай. У 1993 г. сп-ня Ірэна наведала Беларусь. Наша краіна зрабіла вялікае ўражанне на яе, бо фактычна гэта быў першы візіт Ірэны Каляды на Радзіму пасля распаду Савецкай імперыі. Адразу ж, па вяртанні ў ЗША, яна заснавала дабрачынны фонд, які да гэтага часу штогод накіроўвае тысячы беларускіх дзяцей на аздараўленне. За час, што прайшоў з моманту заснавання фонду, больш за 12 000 беларускіх дзяцей прайшлі аздараўленне ў Балгарыі, Турцыі, Чэхіі, Славеніі, Польшчы, Малдове. Дзякуючы яе клопату ў Беларусь накіроўваліся кантэйнеры з медыкаментамі, рэчамі для бальніц, дзіцячых дамоў. Пры яе дапамозе арганізаваны канцэрты мастацкага калектыву “Церніца” ў забруджаных рэгіёнах краіны. Сп-ня Ірэна супрацоўнічае са шмат якімі грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі. Пры яе дапамозе Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” арганізавала аздараўленчы адпачынак больш чым для 1 000 дзяцей з Беларусі. Аказвалася падтрымка і асобным сем’ям і цяжка хворым дзецям. Фонд працягвае актыўна працаваць, арганізоўваючы аздараўленне сотняў беларускіх дзетак.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстана інфармацыя www.expressnews.by, www.angelfire.com, Радыё “Свабода” і Цэнтра навінаў ААН.
‹‹ на галоўную | у архіў