Зварот Малой Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да кіраўніцтва тэлеканала Еuronews

Шаноўнае спадарства! Як вам вядома, на працягу 12 гадоў у Беларусі ўсё больш абмяжоўваецца распаўсюджанне незалежнай інфармацыі. Не толькі беларускія, але і расійскія тэлеканалы працуюць у рэчышчы ідэалогіі сённяшняй беларускай улады. У адрозненне ад іх, канал Euronews заваяваў павагу і аўтарытэт як крыніца непрадузятай інфармацыі. Euronews на працягу апошніх гадоў для многіх жыхароў Беларусі быў “каналам пастаяннага ўключэння” – кругласутачнага аператыўнага інфармавання. Выпускі навінаў Euronews для многіх беларусаў былі адзінай крыніцай высокапрафесійнай аб’ектыўнай інфармацыі.

Аднак на працягу зімы—вясны 2006 г. сітуацыя з асвятленнем беларускіх падзей па Euronews рэзка змянілася. Тэксты навінаў, якія рыхтуе руская рэдакцыя Вашага канала, пачалі кардынальным чынам адаптавацца да ідэалагічнай палітыкі, якую ва ўсходняй Еўропе праводзіць урад Расійскай Федэрацыі. Шматлікія факты неадпаведнасці, а часам і кардынальнага адрознення ракурсу асвятлення падзеяў рускай рэдакцыяй ўжо выклікалі шырокае абурэнне сярод беларускай грамадскасці, а таксама сярод журналісцкіх колаў Беларусі, якія ў Euronews заўсёды бачылі саюзніка ў змаганні за свабоду слова.

Абурэнне выклікаюць дзве тэндэнцыі ў працы рускай рэдакцыі Euronews:

– сэнсавая неадпаведнасць англійскага і рускага тэкстаў навінаў (падача навінаў з Беларусі ў святле расійскай інтэграцыйнай палітыкі);

– перыядычнае называнне нашай краіны “Белоруссіей” (моўны алагізм часоў СССР, які азначае залежнае/падпарадкаванае становішча Беларусі ад Расіі). Ужываецца выключна Расіяй.

Але найбольшую хвалю пратэсту выклікалі рэпартажы Euronews 8 красавіка аб інаўгурацыі Александра Лукашэнкі. Відэарад сюжэтаў рускай і англійскай рэдакцый быў аднолькавы, але каментар да іх адрозніваўся кардынальна. Калі раней прафесіяналізм журналістаў расійскай службы Euronews ставіўся пад сумненне з-за іх няўпэўненага валодання рускай мовай (некарэктны пераклад навін і назваў), то зараз – з-за сэнсавага адрознення – сумненню падлягае маральнае права займацца журналістыкай супрацоўнікам рускай рэдакцыі..

У выніку такіх тэндэнцый і падзей канал Euronews імкліва страчвае рэйтынг сярод найбольш адукаванай і актыўнай часткі грамадства Беларусі. А менавіта гэтыя колы беларускай грамадскасці з’яўляюцца паслядоўнымі і адданымі праваднікамі дэмакратычных каштоўнасцяў і агульнаеўрапейскай геапалітычнай ідэі.

Малая Рада (кіруючы орган) Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” звяртаецца з просьбай разгледзець дзейнасць рускай рэдакцыі Euronews у сферы падачы інфармацыі адносна Беларусі і карэктнага ўжывання афіцыйнай назвы нашай краіны – Рэспубліка Беларусь ці Беларусь.

Малая Рада МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Euronews

Расійская служба Euronews і раней спрабавала сябе ў змяшчэнні акцэнтаў “адаптуючы” міжнародныя навіны для “патрэбаў” Расіі. Тлумачэнняў гэтаму шмат, і абвінавачванне ў непрафесійнасці сярод іх самае мяккае. Аднак прыклад з паведамленнем аб інагурацыі Лукашэнкі даволі паказальны. Ён указвае на пералом, які адбыўся ў рэдакцыйнай палітыкі той часткі паважанага пан-еўрапейскага тэлеканала, кантроль над якой мае Расія.

Кантроль гэты, не гледзячы на той факт, што Усерасійская Дзяржтэлекампанія з 2004 года валодае 16% акцый Euronews, больш падобны на перацягванне пры картачнай гульне. Валодаць акцыямі тэлеканала гэта адно, а распаўсюджваць ад яго імя ілжывую інфармацыю — зусім іншае.

Праяўлення несумленнасці, як нітачкі, цягнуцца да заказчыка дэзінфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі – Усерасійскай Дзяржтэлерадыёкампаніі (УДТРК). Флагман УДТРК, адыёзны тэлеканал “Расія”, яўна і цынічна спекулюе на жыццёва важных для беларускага грамадства тэмах, і асабліва ў паліванні брудам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. Тэлеканал “Расія” ужо больш 10 год называе ў сваім эфіры Беларусь “Белоруссией”. У эфіры вялікага дзяржаўнага каналу гэта “недакладнасць” мае толькі адзін сапраўдны сэнс – публічна адмаўляецца самастойнасць і права на самавылучэнне суверэннай дзяржавы. Гэта не выпадковая агаворка, гэта палітыка. З нядаўняга часу гэтым пачаў займацца і расійскі эфір Euronews.

У Расіі тэлеканал Euronews карыстаецца рэпутацыяй непрадузятай крыніцы навінаў. Навіны аб тым, што адбываецца ў самой Расіі, а так сама ў Беларусі альбо Украіне, успрымаюцца гледачамі як погляд незалежных ад расійскай палітыкі СМІ краін Еўрасаюза.

www.ciwr.org
‹‹ на галоўную | у архіў