Цэнтр Гродна руйнуецца
У самым цэнтры Гродна працягваецца грандыёзны акт вандалізму. У парушэнне заканадаўства рэспублікі і міжнародных пагадненняў і пры адсутнасці хоць якіх дазволаў, “рэканструкцыйныя” работы працягваюцца шалёнымі тэмпамі. Адбываецца знішчэнне Старога Гораду, незваротна знікаюць адметнасці гораду. Горад хочуць забетаніраваць па максімуме. Ён ператвараецца ў правінцыйны расійскіх гарадок 19 ст. За разбурэнне археалагічнага помніка цэнтра горада ніхто не панясе адказнасці. Археалагічныя раскопкі летам 2005 г. праводзіліся прыкладна на плошчы 25 кв.м. Калі ўлічыць, што земляныя работы вядуцца зараз на плошчы не меншай чым 20 000 кв.м. то выкананы аб’ём раскопак можна фактычна не браць ва ўлік.
Знішчаныя наступныя помнікі:
1. культурны слой XIV-ХVІ ст. (выкапаны экскаватарамі) на плошчы не менш 300 кв.м. Яма засыпана пяском, а пасля ўтрамбавана катком. Пры гэтым знішчаны поўнасьцю брук на вуліцы Старой, якая некалькі апошніх дзесяцігоддзяў знаходзілася пад зямлёю.
2. Увесь сквер (тэрыторыя была заселена ўжо ў XV ст.) экскаватарамі быў перарэзаны траншэямі глыбінёй да 2,5 метраў на ўсёй працягласці, пры гэтым былі пабураны падмуркі ўсіх камяніцаў. Разам плошча разбурэнняў складае па сціплых падліках каля 500 кв.м.
3. Поўнасцю знішчаны культурны слой на месцы выкапанай ямы пад падземны пераход у двары Палаца Радзівіла XVII ст. Агульная плошча каля 400 кв.м. Разам з культурным слоем знішчаны падмуркі і скляпенні невядомага будынка з рэшткамі кафлянай печы.
4. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе архітэктары абяцалі, што падмурак палаца Радзівілаў не будзе закрануты і нават будзе музеефікаваны, тыдзень таму падчас закладання падпорных сценак падмурак і скляпенні палаца былі разбураныя як мінімум ў дзвюх месцах. 15 красавіка падмуркі палаца пачалі разбураць яшчэ у двух месцах.
5. Пры пракладанні сцёкавай каналізацыі паўз усю Савецкую плошчу (Рынак 2 пал. XIV ст.) была выкапана траншэя агульнай працягласцю каля 200 метраў шырынёй 2 метры і глыбінёй да 3,5 метраў, тым самым знішчыўшы ўвесь культурны слой.
6. Закранутыя і разбураныя вугал палаца Радзівілаў, часткі падмуркаў гандлёвых радоў, што былі паміж палацам Радзівілаў і Ратушай (XVI ст.), рэшткі драўлянай маставой XVI-XVII ст. (агульная плошча 30 кв.м.).
7. Знішчаны падмуркі некалькіх дамоў па вул. Маставая (закладзеная ў XV-XVI ст.), падмуркі і скляпенні будынкаў XVII-XVIII ст. паміж палацам Тэкстыльшчыкаў і аптэкай пры в. Маставой, а таксама насупраць г.зв. дома купца Мураўёва.
8. Разбураныя каналізацыйныя калодзежы ХІХ ст.
9. На ўсёй плошчы культурны слой выкапаны да ўзроўню ХІХ ст. Знішчаецца брук ХІХ-пач. ХХ ст., брук канца 1930-х гг. (агульная плошча не менш 2000 кв.м.) Вынятыя бардзюры 1930-х гг. з надпісамі Magistrat miasta Grodna і Z[arzad] M[iasta] G[rodna].
10. Знішчаныя амаль усе дрэвы на плошчы. Між тым праект не прадугледжвае знішчэння дрэваў, існуе пастанова аб тым, што спілаванне кожнага дрэва у горадзе знаходзіцца выключна ў кампетэнцыі гарадскіх уладаў. Дрэваў засталося не больш 20% ад іх ранейшай колькасці.
11. Галоўнае: разбураецца традыцыйная планіроўка плошчы. Плошча “прыклейваецца” да пальчаткавай фабрыкі. Парушаецца радыяльная структура плошчы з выхадамі на яе ўсіх галоўных вуліцаў горада, характэрная для большасці вялікіх еўрапейскіх гарадоў. Плошча пераўтвараецца ў працяг г. зв. гродзенскага Арбата (паводле характарысктыкі гарадскіх чыноўнікаў). Транспартная плынь накіроўваецца ў сваю чаргу па вуліцы Давыда Гарадзенскага ў небяспечнай блізкасці ад Новага і Старога Гродзенскіх замкаў, што, канешне, пазбавіць замкі прывабнасці для турыстаў. Пытанне аб тым, як зрабіць пешаходным увесь цэнтар горада нават не ўздымаецца.
Іншыя разбурэнні археалагічнай спадчыны на працягу 2005 і 2006 гг. Збураны будынак ля рогу вуліцаў Віленскай і Ажэшкі канца ХІХ ст., на гэтым месцы збудаваны “наватвор” з закладаннем новых падмуркаў і падвядзеннем новых камунікацыяў без археалагічных даследванняў. Паводле гістарычных крыніцаў тут мелася быць Віленская брама горада XVI ст.!
Знішчана камяніца пры вуліцы Заводскай, 12 (адсюль пачынаўся гарадзенскі Падол XIII-XIV ст), пасля чаго уся вуліца і ўзбярэжжа былі перагрэбаныя бульдозерамі і перакопаныя траншэямі. Плошча перакопаў сягае 200 кв.м.
Пасля збурэння будынка пры в.К.Маркса, 20 (гэты раён быў заселены з XVI ст.) пляцоўка была заглыблена зда 2 метраў плошчай да 500 кв.м. Знесены мураваныя будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. па вул. Заводскай 12, Акадэмічнай 16, К. Маркса 20, Віленскай, Вялікай Траецкай, 11 ліпеня і г.д. Знесены будынак адной з першых у Беларусі мікрабіялагічных станцыяў (вул. Чырвонаармейская).
Знішчаны брук на вуліцы Рыбацкай і вуліцы вакол Замкавай Гары (вуліца Старазамкавая), вуліцы выкладзеныя пліткай. Рэканструкцыя моста паміж Старым і Новым замкамі – знішчаны брук і заменены пліткай. У парку імя Жылібера знішчана значная частка старых дрэваў. Спілавана ліпавая алея каля былога Рачнога Вакзала.
Чаканыя знішчэнні археалагічнай спадчыны.
Паводле праекта “дабраўладкавання” цэнтра горада ў бліжэйшыя месяцы чакаецца: будзе працягвацца закладанне траншэй паўз плошчу Савецкую (Рынак 2 пал. XIV ст.) шырынёй 2 метры глыбінёй да 3,5 метраў – адна каля 30 м., другая каля 150 м. Цягнецца траншэя поўнасцю знішчаючы вуліцу Маставую (XV-XVIст.), будзе закрануты вугал падмуркаў палаца Радзівілаў. Будзе скончаны падземны пераход пад вуліцай Баторыя, падчас чаго наканавана назаўсёды быць зьнішчаным усходняму флігелю палаца Радзівіла (XVII ст.). Будаўніцтва элітных дамоў пры вул. Вялікай Траецкай (чаканыя збурэнні археалагічнай спадчыны каля 1000 кв.м) і вул. Трудавой (чаканыя разбурэнні каля 1000 кв.м.). Дабраўладкаванне паміж Савецкай плошчай і мастом праз Нёман перакапае спуск да маста (заселены з XV ст.). Пры рэканструкцыі маста праз Нёман будуць пракладвацца камунікацыі пры ўездзе на мост – у XVI ст. тут стаяла царква-ратонда. Будзе праведзена новая аб’язная дарога па вуліцы Падгорнай пад кляштарам Бернардынцаў (Падол XV-XVI ст.) з новымі камунікацыямі. Павінны быць знішчаны дамы на вул. 11 ліпеня. Плануецца знос 28 будынкаў па вуліцах Міцкевіча, Горкага і 17-га верасня і пабудова там сучаснага гасцінічнага комплекса.
Запланавана рэканструкцыя Каложскай царквы ХІІ ст. Улічваючы, што царква будзе аднаўляцца па сучасных, а не старжытных тэхналогіях, будуць нанесены неапраўданыя страты.
Паводле grodnoproblem.km.ru |