Прага. “Ордэны Скарыны – героям Беларусі!”
Ля помніка Францішку Скарыну ў Празе прайшла акцыя. Пражскія беларусы разам з дзецьмі надзелі белыя майкі з чырвонымі літарамі, якія склалі лозунг: “Ордэны Скарыны – героям Беларусі!”. Перад гэтым людзі згадвалі сваіх мужных землякоў, якія ў цэнтры Мінску начавалі ў палатках на марозе. Як патлумачылі ўдзельнікі акцыі, яны хочуць звярнуць увагу на тых, каму сапраўды належаць адзнакі дзяржаўнай пашаны. На іх думку, пачатак новага адраджэння заклаў чын людзей, што выйшлі на плошчу адстойваць справядлівасць і свабоду ў Беларусі. Заслугі перад Лукашэнкам заезджых артыстаў-агітатараў не ідуць з гэтым ні ў якае параўнанне. Да таго ж гэтая нядзеля прыпала на 16-ы дзень месяца – дзень салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю.
Сам помнік Скарыну ўсталяваны непадалёк ад садоў Пражскага граду, дзе Скарына служыў каралеўскім батанікам. А ў дворыку Славянскай бібліятэкі наведнікаў сустракае скарынаўская памятная шыльда. У Празе, як вядома, у 1517-м годзе выйшла Скарынава “Біблія”. Дзесяць гадоў таму ў Чэхіі ўзнікла зямляцкая суполка беларусаў, якая абрала сабе назву “Скарына” – менавіта яе сябры правялі нядзельную акцыю.
Паводле радыё “Свабода”
Фота радыё Свабода |