Электронная бібліятэка "Бацькаўшчыны"

Шаноўныя сябры,

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" актывізуе працу па стварэнні электроннай бібліятэкі, прысвечанай беларускай дыяспары. Плануецца, што ў бібліятэку, размешчаную на сайце Згуртавання, увойдуць творы і публікацыі, якія былі выдадзеныя як у Беларусі, так і па-за яе межамі і датычыліся беларускай дыяспары, акрамя таго любога роду літаратура, што выдавалася асобнымі дзеячамі беларускага замежжа ці суполкамі.

Наша аб'яднанне цягам сваёй дзейнасці ўжо займалася стварэннем бібліятэкі і архіву беларускай дыяспары. Але, на жаль, сённяшнія ўмовы памяшкання не з'яўляюцца спрыяльнымі для таго, каб забяспечыць публічны доступ да ўсіх кніг, прэсы і архіўных матэрыялаў.

Справа стварэння бібліятэкі ў электронным выглядзе з'яўляецца надзвычай важнай і неабходнай не толькі для даследчыкаў і навукоўцаў, але і для ўсіх беларусаў, якія пражываюць як на Радзіме, так і па-за яе межамі. Пры гэтым маецца на мэце не толькі захаванне багатай і разнастайнай інтэлектуальнай і мастацкай спадчыны, якая стваралася і назапашвалася беларускай дыяспарай на працягу доўгага перыяду, але і адкрыццё свабоднага, максімальна шырокага доступу да літаратурна-мастацкіх і навуковых каштоўнасцяў, створаных нашымі суайчыннікамі за мяжой.

МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" звяртаецца да суполак беларускай дыяспары, а таксама ўсіх, хто можа дапамагчы Згуртаванню ў гэтай справе: 1) прадаставіць матэрыялы, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары, а менавіта: мастацкую, навукова-даследчую літаратуру, газеты ды часопісы, асобныя публікацыі любога перыяду, якія выдаваліся беларускімі суполкамі ды дзеячамі за мяжой; 2) даслаць электронныя варыянты азначанай літаратуры . Пры неабходнасці, перададзеныя для працы кнігі могуць быць вернуты ўладальніку.

Дасланая літаратура не толькі ўвойдзе ў электронную версію бібліятэкі, але і папоўніць фонд фізічнай бібліятэкі і архіву, які фармуе МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Дзякуем за дапамогу і супрацоўніцтва!

Наш адрас:
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Рэспубліка Беларусь 220030 г.Мінск
вул. Рэвалюцыйная 15
тэл + 375 17 289 31 94

‹‹ на галоўную | у архіў